Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

грук 1, ‑у, м.

Разм. Тое, што і грукат. Грук, гоман, цяжкае пыхценне — Другі падходзіць паравоз. Колас. Змоўкнуў грук навальніц У туманах трывожных начэй. Русак.

грук 2, выкл. у знач. вык.

Ужываецца ў значэнні дзеясловаў грукаць і грукнуць. Кавалі стук ды грук — выкавалі тры новыя булавы. Якімовіч.

грукані́на, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і грукат. А праз хвілін дзесяць, калі зноў усе чацвёра паўстанцаў стаялі далёка сярод густых кустоў і думалі аб тым, як заўтра абараніць .. некалькі дзесяткаў ні ў чым не вінных сялян, пачулася груканіна, трэск і чалавечы крык. Чарот.

гру́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. грукаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Траскатня кулямётаў, груканне гармат і свісты куль абуджалі ўсіх ад сну. Чарот.

гру́кат, ‑у, М ‑каце, м.

Вельмі моцны, раскацісты шум. Грукат гармат зліўся ў суцэльную кананаду. Шашкоў. Стукат і грукат, Машыны навокал снуюць. Астрэйка.

груката́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. грукатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Неўзабаве здалёк дайшоў гудок паравоза, а потым усё бліжэй чулася грукатанне вагонных колаў. Брыль.

груката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.

Разм. Ствараць грукат. Пярун грукоча, высякае, Нібыта крэсівам, агні. Ляпёшкін. // Напаўняцца шумам, грукатам. Горад грукатаў, палыхаў агнём. Дудо.

грукатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які стварае грукат; шумны. Грукатлівы вадаспад. □ Вера ішла асцярожна. Пачуўшы наперадзе цяжкія, грукатлівыя крокі, адступіла за куст. Асіпенка. // Напоўнены грукатам, шумам. [Сонца] асвятляла .. грукатлівую, дымную зямлю. Мележ.

грукатня́, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і грукат. Страляніна, гоман і грукатня пачалі аддаляцца... Чарот.

грукаце́ць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; незак.

Разм. Ствараць грукат; грукатаць. Пыхкаючы сінім дымком, грукацелі, злосна чмыхалі на глейкім полі трактары. Бялевіч. У небе ярка ўспыхвалі маланкі, аглушальна грукацеў гром. Сіняўскі.

гру́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Моцна стукаць (у дзверы, акно і пад.), просячыся, патрабуючы, каб упусцілі куды‑н. Грукацца ў дзверы.

2. Ударацца, стукацца аб што‑н. Кравец пабіўся ад таго, што, падаючы, грукаўся аб выступы ніжэйшых папярочак і з размаху шмаргануўся аб дошкі. Чорны.