Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

засмя́гнуць і засма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Звяць, засохнуць ад недахопу вільгаці. — Дзякаваць богу, дачакаліся, а то ж усё засмягла, лён аж пакруціўся, — радавалася гаспадыня першаму чэрвеньскаму дажджу. Грахоўскі.

2. Высахнуць, перасохнуць (пра губы, рот). [Хвошч] цяжка, з надрывам соп.., бо не было як дыхаць — у роце ўсё засмягла. Лупсякоў. Засмаглі вусны, і запёкся рот. Дубоўка.

засмярдзе́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які засмярдзеў, пратух; смярдзючы. Засмярдзелая рыба.

засмярдзе́ць, ‑смярдзіць; зак.

Разм. Пачаць смярдзець.

засмяя́цца, ‑смяюся, ‑смяешся, ‑смяецца; ‑смяёмся, ‑смеяцеся; зак.

Пачаць смяяцца. // Азвацца смехам, рассмяяцца. — А, гэта ты, паляўнічы? — засмяяўся старшыня і жартаўліва цапнуў хлопчыка за нос. Даніленка.

засмяя́ць, ‑смяю, ‑смяеш, ‑смяе; ‑смяём, ‑смеяце; зак., каго-што.

Разм. Высмеяць, абсмяяць. — Людзі ўбачаць, заўтра засмяюць.. скажуць, аглядала тваю хату, — ціха засмяялася Волька, стоячы з Міхалам у сябе на парозе. Васілевіч.

•••

Куры засмяюць гл. курыца.

заснава́льнік, ‑а, м.

Той, хто паклаў пачатак чаму‑н., заснаваў што‑н. Заснавальнікі навуковага камунізма.

заснава́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да заснавальнік.

заснава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. заснаваць ​1 (у 1, 2 знач.). Заснаванне савецкіх рэспублік. Гісторыя заснавання горада. // Пачатак існавання, момант утварэння чаго‑н. З дня заснавання калгаса Ён быў старшынёю. Куляшоў.

заснава́цца, ‑снуецца; зак.

1. Узнікнуць, утварыцца. На месцы былой дрыгвы заснаваўся і з небывалай сілай пачаў расці сацыялістычны горад. Кудраўцаў.

2. Пакрыцца, зацягнуцца (павуціннем, смугой і пад.). Лес туманам заснаваўся, Луг расой акрыўся. Колас.

заснава́ць 1, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак., што.

1. Пакласці пачатак чаму‑н., стварыць што‑н. Заснаваць таварыства. Заснаваць калгас. □ Рэспубліку шчасця народ заснаваў, Аб шчасці здабытым народ заспяваў. Чарнушэвіч.

2. на чым. Зрабіць на аснове чаго‑н., пакласці ў аснову што‑н. Заснаваць планы на разліках.

3. Пакрыць, зацягнуць якую‑н. паверхню чым‑н., плетучы, снуючы. Нейкі вялікі павук заснаваў акно. Баранавых.

заснава́ць 2, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак.

Пачаць снаваць.