заслі́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад заслініць.
2. у знач. прым. Які заслініўся; слінявы. Засліненае дзіця.
заслі́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Запэцкацца слінаю. Дзіця заслінілася.
заслі́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Запэцкаць слінаю. Дзіця заслініла кашулю.
заслі́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заслініцца.
2. Зал. да засліньваць.
заслі́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заслініць.
засло́н 1, ‑а, м.
Вайсковы атрад для аховы і прыкрыцця галоўнай часткі войска. Камандаванне зрабіла манеўр: пакінуўшы заслон, нечакана павярнула галоўныя сілы брыгады ў другім кірунку. Шамякін. За ракой стаіць невялікі заслон на балотах, абараняе подступ да пераправы. Заслону загадана біцца да апошняга патрона. Лынькоў.
засло́н 2, ‑а, м.
Абл. Пераносная лаўка; услон. Каля стала стаялі заслоны і некалькі старых .. крэслаў. Чорны.
засло́на, ‑ы, ж.
1. Тое, што прыкрывае, засланяе сабой што‑н. Дажджавая заслона схавала ўсе горы, толькі бліжэйшыя скалы невыразна чарнеюцца. Маўр.
2. Шырокае палотнішча (часта з дзвюх палавін), якое закрывае сцэну ад глядзельнай залы. На сцэне, за заслонай, ішла дзейсная падрыхтоўка да канцэрта. Чарнышэвіч.
•••
Агнявая заслона — паласа артылерыйскага або мінамётнага агню, якая служыць перашкодай для руху праціўніка.
Дымавая заслона — штучна ўтвораныя воблакі дыму або туману як спосаб маскіроўкі.
Прыўзняць заслону гл. прыўзняць.
Упала (спала) заслона — стала зразумелым, вядомым тое, што было тайным, скрытым.
засло́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад засланіць.
заслу́га, ‑і, ДМ ‑слузе, ж.
Дзейнасць, учынак, вартыя павагі, высокай ацэнкі. Атрымаць па заслугах. Якая заслуга, такая і пашана. □ Заслуга пісьменніка ў тым, што ён убачыў галоўнае ў .. рэчаіснасці, у мастацкіх вобразах раскрыў сутнасць яе. Арабей.