Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

заса́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да засадзіць.

засадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. чым. Заняць якую‑н. плошчу пад пасадку раслін. Засадзіць клумбы кветкамі. Засадзіць участак бульбай.

2. Заснаваць што‑н., зрабіўшы пасадку. Засадзіць малады сад. □ Грышаў бацька не толькі вартаваў стары бор, а засадзіў новы лес. Кірэенка.

3. Разм. Пасадзіць куды‑н. прымусова; зняволіць. Думаў Макар — каюк: засадзіць праклятая баба ў турму. Асіпенка.

4. за што і з інф. Разм. Прымусіць займацца чым‑н. Засадзіць за работу. □ На канферэнцыі, як і ў мінулым годзе, Голад засадзіў Кастуся пісаць справаздачу. Прокша.

5. Разм. Засунуць куды‑н. [Вэня] засадзіў руку за бравэрку і абмацаў там рэвальвер. Чорны.

6. Разм. Усадзіць, увагнаць глыбока што‑н. вострае. Засадзіць тапор у калодку. □ — Учора .. знянацку я такі, мусіць, засадзіў стрэмку, і нага мая цяпер аж торгае. Баранавых.

заса́дніць, ‑іць; зак.

Пачаць садніць.

заса́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да засады. Засадны атрад. Засадная група.

засаката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.

Пачаць сакатаць. // Азвацца сокатам; прасакатаць. Куры дружна засакаталі і гэтак жа дружна пачалі збіраць.. зярняткі. Рылько. Недзе за лесам засакатала некалькі кулямётаў, і зноў усё сціхла. Шчарбатаў.

засакрэ́ціць, ‑рэчу, ‑рэціш, ‑рэціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць сакрэтным, недаступным для агульнага карыстання, азнаямлення і пад. Засакрэціць дакументы. Засакрэціць вынаходства.

2. Разм. Дапусціць каго‑н. да сакрэтнай работы. Засакрэціць супрацоўніка.

засакрэ́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да засакрэчваць.

засакрэ́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да засакрэціць.

засаладзі́цца, ‑лодзіцца; зак.

Зрабіцца салодкім.

засаладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; зак., што.

Зрабіць салодкім. Засаладзіць чай.