Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

язы́чнік, ‑а, м.

Паслядоўнік язычніцтва; ідалапаклоннік.

язы́чніца, ‑ы, ж.

Жан. да язычнік.

язы́чніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да язычніцтва, язычнікаў, належыць ім. Язычніцкая рэлігія. Язычніцкае свята. Язычніцкае капішча. □ Найбольш старажытныя купальскія песні, відаць, тыя, што ў паэтычных вобразах данеслі да нас водгукі язычніцкіх вераванняў. Саламевіч.

язы́чніцтва, ‑а, н.

Агульная назва старадаўніх форм рэлігіі, якія, у адрозненне ад пазнейшых рэлігій (хрысціянства, будызму, ісламу і інш.), характарызаваліся мнагабожжам; ідалапаклонства.

язы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да языка (у 1 знач.). Язычныя нервы. Язычная мышца. Язычная века.

2. У лінгвістыцы — утвораны пры ўдзеле языка (у 2 знач.). Язычныя гукі.

язычо́к, ‑чка, м.

1. Памянш. да язык (у 1, 5 знач.). [Кацянё] панюхала, яшчэ раз паглядзела Алёшу ў самыя вочы і далікатна лізнула язычком ежу. Васілевіч. Вясёлыя язычкі полымя лізалі сухія галінкі. Шамякін. Трапяткі язычок газнічкі зменшыўся, пацямнеў, усхліпваў, нібы плакаў. Хомчанка.

2. Разм. Пра здольнасць гаварыць востра, з’едліва, насмешліва. — А твой тата з язычком, — падстаўляючы пад кварту рукі, падміргнуў Ядзі Васіль. Шашкоў. Вядома, і сам Сцяпан не кепскі язычок меў, а тут яшчэ якраз падскочыў Тодар Пошта. Крапіва. — От язычок, як завадны! — падумаў Сымон, не ведаючы, што адказаць сястры. Чарнышэвіч.

3. Спец. Конусападобны выступ у ротавай поласці на краі паднябення.

4. У батаніцы — невялікі адростак ля асновы ліставой пласцінкі ў злакавых і некаторых іншых раслін.

5. Рухомая, адным канцом прымацаваная пласцінка ў розных прыстасаваннях, прадметах. Язычок чаравіка. □ У клямцы падскочыў і дзынкнуў язычок. Адамчык. Заскакала [Рэня], учапіўшыся пальцамі за язычок у замку, на адной назе, пахіснулася, войкнула і, каб не ўпасці, схапілася за яго руку. Лецка.

6. Металічны стрыжань званочка. Язычок званочка.

язь, ‑я, м.

Прэснаводная рыба сямейства карпавых з цёмна-сіняй спінай, белаватымі бакамі і серабрыстым брушкам. Даўжыня тулава дарослага язя ў спрыяльных умовах жыцця — 70 і больш сантыметраў, вага — 6–8 кілаграмаў. Матрунёнак.