язычо́к, ‑чка, м.

1. Памянш. да язык (у 1, 5 знач.). [Кацянё] панюхала, яшчэ раз паглядзела Алёшу ў самыя вочы і далікатна лізнула язычком ежу. Васілевіч. Вясёлыя язычкі полымя лізалі сухія галінкі. Шамякін. Трапяткі язычок газнічкі зменшыўся, пацямнеў, усхліпваў, нібы плакаў. Хомчанка.

2. Разм. Пра здольнасць гаварыць востра, з’едліва, насмешліва. — А твой тата з язычком, — падстаўляючы пад кварту рукі, падміргнуў Ядзі Васіль. Шашкоў. Вядома, і сам Сцяпан не кепскі язычок меў, а тут яшчэ якраз падскочыў Тодар Пошта. Крапіва. — От язычок, як завадны! — падумаў Сымон, не ведаючы, што адказаць сястры. Чарнышэвіч.

3. Спец. Конусападобны выступ у ротавай поласці на краі паднябення.

4. У батаніцы — невялікі адростак ля асновы ліставой пласцінкі ў злакавых і некаторых іншых раслін.

5. Рухомая, адным канцом прымацаваная пласцінка ў розных прыстасаваннях, прадметах. Язычок чаравіка. □ У клямцы падскочыў і дзынкнуў язычок. Адамчык. Заскакала [Рэня], учапіўшыся пальцамі за язычок у замку, на адной назе, пахіснулася, войкнула і, каб не ўпасці, схапілася за яго руку. Лецка.

6. Металічны стрыжань званочка. Язычок званочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)