Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шэ́раг, ‑а, м.

1. Сукупнасць аднародных прадметаў, размешчаных адно за другім, у адну лінію. Замест лесу цягнуўся шэраг камяністых узгоркаў, сярод якіх было параскідана шмат велізарных скал. Маўр. Месцамі стаялі густымі шэрагамі тонкія .. дубочкі. Бядуля. Куды дзяваліся яго [рынку] былое ажыўленне, святочны гул натоўпу, шэрагі вазоў. Лынькоў. Млечны шлях выплывае з імглы, Азараючы шэраг зямлянак. Танк. // Строй людзей у адну лінію; шарэнга. Скаваныя камандай «смірна», яны моўчкі глядзелі на нас — два шэрагі па дзевяць чалавек. Брыль. / Пра людзей, якія знаходзяцца ў такім страі. Бягом, з карабінкаю напагатове, [Ганна] ўрэзалася ў шэрагі белапалякаў. Нікановіч.

2. Сукупнасць чаго‑н., што ідзе адно за другім у пэўным парадку. Апавяданне распадаецца на шэраг эпізодаў. «Полымя». Па кампазіцыі «Вясна» К. Чорнага — гэта як бы шэраг асобных замалёвак, звязаных задумай расказаць, што за людзі «ў нас на вёсцы». Адамовіч. Беларускі паэт [А. Абуховіч] увёў у свой тэкст шэраг новых мастацкіх дэталей і жыццёвых падрабязнасцей. Казека.

3. Пэўная, звычайна невялікая колькасць чаго‑н. Зараз .. [Дзіму] непакоіў цэлы шэраг іншых пытанняў, звязаных з перасяленнем. Васілевіч. Поспеху [карціны] перашкаджала не толькі прафесіянальная неспрактыкаванасць, але і шэраг іншых прычын. Бракавала звычайнага іканаграфічнага матэрыялу. Ліс. / Пра пэўную колькасць якіх‑н. асоб. Шэраг паэтаў. □ Аўтар [П. Пестрак] паказвае жыццё глухой палескай вёскі Запалянкі, побыт рамеснікаў горада Глушэц, уводзіць шэраг персанажаў. Хромчанка.

4. Сукупнасць людзей, аб’яднаных якімі‑н. адносінамі, ідэямі, якой‑н. арганізацыяй. Рады быў Селіханаў, сустрэўшы Антося ў шэрагах Чырвонай гвардыі. Чарнышэвіч. І я сваё жыццё прынёс У тыя шэрагі, дзе б’юцца За долю лепшую — свой лёс. Хведаровіч. Ці шмат баявых адзінак улілося або ўліваецца ў шэрагі тых, чыёй зброяй з’яўляецца слова?.. Гілевіч.

•••

У першых шэрагах — у ліку самых лепшых.

шэразём, ‑у, м.

Светлая глеба пустынных ці пустынна-стэпавых раёнаў, бедная перагноем, з вялікай колькасцю солей, урадлівасць якой дасягаецца толькі шляхам арашэння.

шэ́рань, ‑і, ж.

1. Белыя рыхлыя крышталікі, формай падобныя на сняжынкі, якія нарастаюць пры значным марозе і тумане на галінах дрэў, дроце і пад. Ляжыць зямля ў адзенні белым, І дрэвы ў шэрані стаяць. Колас. За акном — пабеленае шэранню голле яблыняў. Рылько. У шэрані былі гарадскія скверы, тэлеграфныя слупы, правады. Бялевіч. // Тонкі слой крышталяў лёду, якія ўтвараюцца на паверхні зямлі і прадметах на ёй пры рэзкім пахаладанні. У тыя дні, пасля ласкавага веснавога сонца, раптам пекануў мароз і ўкрыў шэранню траву, што пачала была весела зелянецца на грудах. Лецка. Зямля пакрылася шэранню, пасівела і чакала, калі сонца паднімецца вышэй і кіне промні на палі, лугі, дарогі. Федасеенка. // Ападкі ў выглядзе снегу. Уперадзе была ўсё тая ж снежная шэрань; не сціхаў вецер. Кандрусевіч. Калі ўжо сталі падкошвацца ногі і хлопец спалохаўся, што ўпадзе, побач з снегавой мітуслівай шэрані выплыў нейкі чорны скальны абломак. Быкаў. // Туман з халодным дробным, у выглядзе пылу, дажджом; імжа. У мокрай шэрані ледзь-ледзь вырысоўваліся будынкі Старыцы. Хадкевіч. [Сцяпан] убачыў сцірту, асеўшую, але яшчэ ладную і падобную на аграмадны хлебны бохан, бярозы ў жоўтым восеньскім убранні, якое скрозь шэрань дажджу выдавала рудаватым. Савіцкі. // Смуга выпарэнняў у халодную сырую пагоду. У маразы.. [неба] часцей цямнее, лілавее, пакрываецца шэранню. Карпаў. Над балотамі мяккай нерухомай шэранню рассцілаўся туман. Пестрак.

2. перан. Сівізна. Змізарнеў [Гаруноў], твар выцягнуўся, на скронях прабілася шэрань. Дуброўскі.

3. Змрок, цемра. Пасярод двара, насупраць студні, над якой у перадранішняй шэрані чарнее высокі журавель, стаяць калёсы. Навуменка. Пад сховаю начной шэрані брыгада хутка набліжалася да фронту. Мележ. Жаўтавата-белы сноп святла ад фары разразаў лёгкую шэрань ліпеньскай ночы, выхопліваў з яе прысады. Асіпенка.

4. Шэрая афарбоўка чаго‑н.; шэрасць. Сонца не відно, недзе заблыталася ў аднастайнай шэрані хмар. Гамолка. Вунь сярод саламянай шэрані стрэх вылучаецца бляха школы. Сабаленка. / у перан. ужыв. Толькі на ростані ўявілася яму [Ігнасю] цалкам уся шэрань будзёншчыны, з усімі сваімі цяжкасцямі і горам. Мурашка.

шэ́ранькі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Ласк. і пагард. да шэры. Нярэдка .. [аўсянку] можна нават з вераб’ём зблытаць: такая ж шэранькая. Ігнаценка. [Кох] .. выбавіўся з гэтага шэранькага і нецікавага жыцця. Лынькоў.

шэ́расць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць шэрага (у 1, 3 і 4 знач.). Ад позіркаў гаспадара не схавалася шэрасць .. твару [Кюблера] і недакуркі, раскіданыя на падлозе, на стале. Шамякін. Такіх вечароў нямнога бывае ў жыцці. Таму і жывуць яны доўга ў сэрцы, каб часам усплысці .. і кінуць ружовы прамень у будзённую шэрасць жыцця. Зарэцкі. У паветры кружылі першыя сняжынкі — прыбельвалася шэрасць зямлі, чырвань цэглы. Гілевіч.

2. Бледнасць з адценнем шэрага (пра твар чалавека). Са скуластага даўгаватага твару Ігната спаўзае шэрасць. Каршукоў. // Шэрая афарбоўка чаго‑н.; пахмурнасць, воблачнасць. Іван ішоў па сцяжыне, якая добра значылася сярод прысыпанай снегам шэрасці. Быкаў. Пайшлі дажджы, шэрасць і волкасць завалаклі далягляд. Сачанка. // перан. Што‑н. непрыкметнае, ніякае; пасрэднасць. Большасць сцэнарыяў — шэрасць. Шэрае афармленне пасуе шэрай задуме. Семашкевіч.

шэрл, ‑у, м.

Чорны жалезісты турмалін.

[Ням. Schörl.]

шэ́рснасць, ‑і, ж.

Здольнасць некаторых свойскіх жывёл даваць пэўную колькасць шэрсці. Шэрснасць авечак.

шэ́рсны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шэрсці (у 1, 2 знач.). Шэрснае покрыва. Шэрсная прадукцыя. // Які маецца ў шэрсці. Шэрсны тлушч.

2. Які дае шмат шэрсці; які разводзяць, гадуюць дзеля атрымання шэрсці. Шэрсныя авечкі. // Звязаны з развядзеннем, гадоўляй такіх жывёл. Шэрсная авечкагадоўля.

шэрстакры́л, ‑а, м.

Млекакормячая жывёла, якая водзіцца ў трапічных лясах, вызначаецца густым шарсцістым покрывам і лятальнай перапонкай, што злучае чатыры канечнасці і хвост.

шэ́рстка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Ласк. да шэрсць.