Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шэ́сце, ‑я, н.

1. Рух, паход куды‑н. паводле якога‑н. звычаю, урачыстасці і пад. [Людзі], не звяртаючы на нас увагі, прадаўжалі сваё шэсце. Няхай. Нарэшце паказаліся гордыя бела-блакітныя сцягі і раўнюткія рады фізкультурнікаў, якія замыкалі святочнае шэсце. Карпаў. Моладзь наладзіла факельнае шэсце да Дзвіны. Хадкевіч. Па насыпу.. рухаецца нечаканае шэсце. Жанчыну ў стракатым плацці кожны пазнае адразу.. Следам за ёю шыбуюць Грушаль і сяржант міліцыі. Савіцкі. Захарчанка ехаў конна з левага боку атары. Замыкалі шэсце Паўлік і Мікешка. Беразняк. / у перан. ужыв. Сонца толькі пачынае сваё шэсце, яно ўжо недзе купаецца прам[я]нямі далёка ў росным лесе. Пестрак.

2. перан. Развіццё чаго‑н. Пераможнае шэсце нафтахіміі стала магчыма дзякуючы .. павелічэнню вырабу высакаякаснага бензіну. «Полымя». Камунізм пачаў сваё пераможнае шэсце ва ўсіх сферах людскіх адносін. «ЛіМ».

шэсць, шасці, Т шасцю, ліч. кольк.

Лік і лічба 6. Шэсць падзяліць на тры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 6. Лясной дарогай Міця прайшоў вёрст шэсць. Навуменка.

шэсцьдзеся́т, шасцідзесяці, Т шасцюдзесяццю, ліч. кольк.

Лік і лічба 60. Шэсцьдзесят памножыць на тры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 60. Шэсцьдзесят гадоў таму назад прыстаў Талаш у прымы да Насці Балыгі. Колас.

шэсцьсо́т, шасцісот, Т шасцюстамі, ліч. кольк.

Лік і лічба 600. Шэсцьсот падзяліць на два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 600. — На Пагіблых [балотах] толькі нашага калгаса земляў шэсцьсот гектараў пад вадою ляжыць. Краўчанка.