шэф, ‑а, м.
1. Разм. Кіраўнік якой‑н. установы, прадпрыемства і пад. у адносінах да сваіх падначаленых. І я адчуў, што падначаленыя Івану Ігнатавічу рахункаводы — рослая дзяўчына і хлопец з хітрымі вочкамі — не вельмі слухаюць свайго маўклівага шэфа. Хомчанка. Расказваў аб гэтым Максіму старшы сяржант астрожнай службы і шэф усіх надзорцаў у Лукішках Бародка. Машара. // Уст. У Расіі 18–19 стст. — высокая асоба, якая з’яўлялася ганаровым камандзірам вайсковай часці або афіцыйным апекуном вучэбнай установы.
2. (звычайна ў прыдатку). Старшы ў групе асоб аднароднай прафесіі, якія працуюць на адным прадпрыемстве, у адным цэху і пад. Шэф-повар. Шэф-пілот.
3. Асоба, установа ці прадпрыемства і пад., якія шэфствуюць над кім‑, чым‑н. Праз месяц з дапамогай шэфаў Васіль набыў для калгаса трохтонку. Шамякін. Шэфы з горада прывезлі падарункі — для ячэйкі шмат прывезлі кніг. Дудар.
шэ́фаў, ‑ава.
Які мае адносіны да шэфа, належыць яму. Курт палахліва агледзеў шэфаў пакой — тут усё тут у парадку? Дамашэвіч.
шэ́фскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шэфа, шэфства, звязаны з шэфствам. Шэфская работа. Шэфская дапамога.
шэ́фства, ‑а, н.
1. Выкананне абавязкаў шэфа (у 1 знач.).
2. Грамадская дзейнасць па аказанню пастаяннай таварыскай, культурнай, вытворчай і пад. дапамогі каму‑н. Дзеці вядуць пошук невядомых герояў, бяруць шэфства над сем’ямі загінуўшых воінаў. «ЛіМ».
шэ́фстваваць, ‑твую, ‑твуеш, ‑твуе; незак.
Ажыццяўляць шэфства над кім‑, чым‑н. Над Астапам Вішняй шэфстваваў Янка Купала, які з ім здаўна сябраваў, Яноўскага даручылі Кузьме Чорнаму, а Карнейчука — мне. Рамановіч.