Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шэла́к, ‑у, м.

Смалістае рэчыва, якое здабываецца з маладых парасткаў некаторых раслін, ужываецца ў вытворчасці лаку, пластмасы, сургучу і пад. Здабываюць з некаторых дрэў смалу шэлак, якая з’яўляецца каштоўнай сыравінай для лакафарбавай прамысловасці. «ЛіМ».

[Гал. schellak.]

шэ́лег, ‑а, м.

Старажытная дробная манета. А бацька толькі што выплаціў арэнду, і ў хаце не было болей ані шэлега, каб наняць папа і адслужыць па нябожчыцы малебен. Грахоўскі.

шэ́лест, ‑у, М ‑сне, м.

Разм. Тое, што і шолах. Што гэта быў за момант, калі я, пад шэлест старонак, убачыў сваё імя, свае радкі! Брыль. Ён [новы дзень] у шэлесце дрэў Плыў па пыльнай бясконцай дарозе. Танк.

шэ́льма, ‑ы, м. і ж.

1. Махляр, несумленны чалавек; нягоднік, паганец. — Ну, мерайце, — кажу, — ды рэжце! — Куляецца аршын, маланкай ходзяць рукі — Так спрытна шэльма мерае. Крапіва. — Ага, шэльма, — захрыпеў Сцяпан, кідаючыся на .. [чалавека] і хватаючы яго за рукі. Чорны. [Беразоўскі:] — Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен, апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Чарнышэвіч.

2. Хітрун, круцель, дураслівец, махляр (звычайна ўжываецца як выражэнне захаплення, спагады, адабрэння). — Вера, ведаеш, што я скажу табе... Ты — хоць вялікая шэльма, але папраўдзе слаўная дзеўка... Зарэцкі. [Каваль:] — І дарога грыміць, І душа спявае. І людзі глядзяць і радуюцца: бач, як ляціць, шэльма!.. Савіцкі.

шэльф, ‑а, м.

Спец. Прыбярэжная частка дна сусветнага акіяна вакол мацерыка; мацерыковая водмель.

[Англ. shelf.]