шэрасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць шэрага (у 1, 3 і 4 знач.). Ад позіркаў гаспадара не схавалася шэрасць .. твару [Кюблера] і недакуркі, раскіданыя на падлозе, на стале. Шамякін. Такіх вечароў нямнога бывае ў жыцці. Таму і жывуць яны доўга ў сэрцы, каб часам усплысці .. і кінуць ружовы прамень у будзённую шэрасць жыцця. Зарэцкі. У паветры кружылі першыя сняжынкі — прыбельвалася шэрасць зямлі, чырвань цэглы. Гілевіч.
2. Бледнасць з адценнем шэрага (пра твар чалавека). Са скуластага даўгаватага твару Ігната спаўзае шэрасць. Каршукоў. // Шэрая афарбоўка чаго‑н.; пахмурнасць, воблачнасць. Іван ішоў па сцяжыне, якая добра значылася сярод прысыпанай снегам шэрасці. Быкаў. Пайшлі дажджы, шэрасць і волкасць завалаклі далягляд. Сачанка. // перан. Што‑н. непрыкметнае, ніякае; пасрэднасць. Большасць сцэнарыяў — шэрасць. Шэрае афармленне пасуе шэрай задуме. Семашкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)