шэраг, ‑а, м.

1. Сукупнасць аднародных прадметаў, размешчаных адно за другім, у адну лінію. Замест лесу цягнуўся шэраг камяністых узгоркаў, сярод якіх было параскідана шмат велізарных скал. Маўр. Месцамі стаялі густымі шэрагамі тонкія .. дубочкі. Бядуля. Куды дзяваліся яго [рынку] былое ажыўленне, святочны гул натоўпу, шэрагі вазоў. Лынькоў. Млечны шлях выплывае з імглы, Азараючы шэраг зямлянак. Танк. // Строй людзей у адну лінію; шарэнга. Скаваныя камандай «смірна», яны моўчкі глядзелі на нас — два шэрагі па дзевяць чалавек. Брыль. / Пра людзей, якія знаходзяцца ў такім страі. Бягом, з карабінкаю напагатове, [Ганна] ўрэзалася ў шэрагі белапалякаў. Нікановіч.

2. Сукупнасць чаго‑н., што ідзе адно за другім у пэўным парадку. Апавяданне распадаецца на шэраг эпізодаў. «Полымя». Па кампазіцыі «Вясна» К. Чорнага — гэта як бы шэраг асобных замалёвак, звязаных задумай расказаць, што за людзі «ў нас на вёсцы». Адамовіч. Беларускі паэт [А. Абуховіч] увёў у свой тэкст шэраг новых мастацкіх дэталей і жыццёвых падрабязнасцей. Казека.

3. Пэўная, звычайна невялікая колькасць чаго‑н. Зараз .. [Дзіму] непакоіў цэлы шэраг іншых пытанняў, звязаных з перасяленнем. Васілевіч. Поспеху [карціны] перашкаджала не толькі прафесіянальная неспрактыкаванасць, але і шэраг іншых прычын. Бракавала звычайнага іканаграфічнага матэрыялу. Ліс. / Пра пэўную колькасць якіх‑н. асоб. Шэраг паэтаў. ▪ Аўтар [П. Пестрак] паказвае жыццё глухой палескай вёскі Запалянкі, побыт рамеснікаў горада Глушэц, уводзіць шэраг персанажаў. Хромчанка.

4. Сукупнасць людзей, аб’яднаных якімі‑н. адносінамі, ідэямі, якой‑н. арганізацыяй. Рады быў Селіханаў, сустрэўшы Антося ў шэрагах Чырвонай гвардыі. Чарнышэвіч. І я сваё жыццё прынёс У тыя шэрагі, дзе б’юцца За долю лепшую — свой лёс. Хведаровіч. Ці шмат баявых адзінак улілося або ўліваецца ў шэрагі тых, чыёй зброяй з’яўляецца слова?.. Гілевіч.

•••

У першых шэрагах — у ліку самых лепшых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)