Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шпа́ла, ‑ы, ж.

1. Брус, які кладзецца ўпоперак чыгуначнага насыпу як апора пад рэйкі. Пахла мазутам, пагрэтымі за дзень шпаламі, жвірам і нечым асаблівым, станцыйным. Карпаў. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю. Колас. Адноўлены Касцюковіцкі райпрамкамбінат пачаў вырабляць шпалы для Беларускай чыгункі. Лыч.

2. Знак адрознення старшага каманднага саставу ў Савецкай Арміі (да 1943 г.), які меў форму прамавугольніка. Наперадзе ўсіх ішоў высокі чалавек, на пятліцах камандзірскай гімнасцёркі ў яго было па чатыры «шпалы», а на рукаве гарэла пяціканцовая зорка палітработніка. Лупсякоў.

[Ад гал. spalk — падпорка.]

шпалапрапітны́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Які служыць для прапітвання драўляных шпал спецыяльным саставам, які захоўвае іх ад псавання.

шпале́ра, ‑ы, ж.

1. Уст. Насценны бязворсавы дыван ці абівачная тканіна, якія маюць сюжэтны ці пейзажны малюнак, выкананы ўручную.

2. толькі мн. (шпале́ры, ‑аў). Рулонная, звычайна ўзорыстая, папера для абклейкі сцен, столі. Сцены былі, відаць, абтынкаваны, гладкія і абклеены шпалерамі блакітнага колеру. Ермаловіч.

3. звычайна мн. (шпале́ры, ‑аў). Спецыяльная рашотка або нацягнуты на жэрдкі дрот, па якіх падымаецца ўверх расліна ці да якіх падвязваюцца галіны дрэў, каб надаць ім пэўную форму. Ставіць вінаграднікі па шпалеры.

4. толькі мн. (шпале́ры, ‑аў). Рады, шарэнгі салдат, якія стаяць па абодва бакі руху каго‑, чаго‑н. Кола паліцэйскіх і шпалеры жандараў расступіліся і, прапусціўшы да шыбеніцы машыны, зноў самкнуліся. Машара. // Роўныя рады дрэў ці хмызняку, пасаджаныя па абодва бакі дарогі, сцежкі. Тут [у парку] былі пракладзены геаметрычна правільныя, радыусамі да цэнтральнай круглай пляцоўкі прамыя алеі, акружаныя стрыжанымі шпалерамі. Гавеман.

[Ад ням. Spalier, з іт. spalliera.]

шпале́рнік, ‑а, м.

1. Майстар, спецыяліст па вырабу шпалераў (у 1 знач.).

2. Тое, што і шпалера (у 3 знач.).

шпале́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шпалеры, шпалераў (у 1, 2 знач.), прызначаны для шпалераў. Шпалерная фабрыка. // Які з’яўляецца шпалерай, шпалерамі. Шпалерны дыван. Шпалерная папера.

2. Звязаны з вырошчваннем сельскагаспадарчых і садовых культур пры дапамозе шпалераў (у 3 знач.). Шпалернае садаводства. // Які вырошчваецца пры дапамозе шпалераў. Шпалерныя культуры.

шпана́, ‑ы, ж., зб.

Разм. груб.

1. Злачынцы, бадзягі, беспрытульнікі. [Лукаш:] — Мы што хочам ядзім. І спім дзе хочам... Дрэнна толькі, што пачалі лавіць шпану ды ў прытулак забіраць. Лобан.

2. Дзеці, маладыя людзі, якія не прытрымліваюцца прынятых правіл паводзін, не могуць ацаніць свае ўчынкі. На задняй пляцоўцы тоўпілася шпака, смаркачы гадоў па шаснаццаць. Яны лаяліся. Паўлаў.

шпанго́ўт, ‑а, М ‑ўце, м.

Спец. Папярочны крывы брус у корпусе карабля ці самалёта, які забяспечвае трываласць бартоў і днішча.

[Гал. spanthout ад spant — бэлька і hout — дрэва.]

шпа́ндыр, ‑а, м.

Спец. Рэмень, якім шавец прымацоўвае сваю работу да нагі.

[Ад ням. Spannriemen.]

шпа́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жук сямейства нарыўнікаў, шкоднік лісцевых дрэў і кустоў; шпанская мушка.

шпа́нскі, ‑ая, ‑ае.

Як састаўная частка назваў некаторых жывёл і раслін. Шпанская авечка. Шпанскі хмель. Шпанская канюшына.

•••

Шпанская муха гл. муха.