шпа́ла, ‑ы, ж.
1. Брус, які кладзецца ўпоперак чыгуначнага насыпу як апора пад рэйкі. Пахла мазутам, пагрэтымі за дзень шпаламі, жвірам і нечым асаблівым, станцыйным. Карпаў. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю. Колас. Адноўлены Касцюковіцкі райпрамкамбінат пачаў вырабляць шпалы для Беларускай чыгункі. Лыч.
2. Знак адрознення старшага каманднага саставу ў Савецкай Арміі (да 1943 г.), які меў форму прамавугольніка. Наперадзе ўсіх ішоў высокі чалавек, на пятліцах камандзірскай гімнасцёркі ў яго было па чатыры «шпалы», а на рукаве гарэла пяціканцовая зорка палітработніка. Лупсякоў.
[Ад гал. spalk — падпорка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)