Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чырванано́жка, ‑і, ДМ ‑ножцы; Р мн. ‑ножак; ж.

Птушка сямейства бакасіных з бурай спінкай і аранжава-чырвонымі нагамі.

чырванано́сы, ‑ая, ‑ае.

З чырвоным носам. Цыбатая шэрая індычка, якая нечага доўга тапталася каля ганка пашывачнай арцелі, раптам.. павяла праз вуліцу, пад засень аброслых інеем ліп, свайго чырвананосага кавалера. Паслядовіч.

чырванапёры, ‑ая, ‑ае.

З чырвонымі плаўнікамі, пёрамі, пер’ем (пра рыбу, птушак). Серабрыліся празрыстыя воды быстрай ракі, ля берага падскочыла чырванапёрая плотка, пабеглі тонкія кругі. Гурскі. — Дуня едзе! — крычалі хлапчукі, выбегшы раніцай з Сасноўцаў на тракт, па якім плылі два камбайны, падобныя на вялікіх чырванапёрых птахаў. Хадкевіч.

чырванаску́ры, ‑ая, ‑ае.

1. З чырвонай або чырванаватай скурай.

2. З цёмна-жоўтай, чырванаватай афарбоўкай скуры (пра індзейцаў Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі). Чырванаскурыя плямёны. // у знач. наз. чырванаску́рыя, ‑ых. Індзейцы.

чырванасця́жнік, ‑а, м.

Разм. Асоба, узнагароджаная ордэнам Чырвонага Сцяга.

чырванасця́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Чырванасцяжны полк. // Які атрымаў пераходны чырвоны сцяг. Мы разумеем, што працуе чырванасцяжная ўдарная брыгада, і мы крычым ёй калектыўнае прывітанне. Галавач.

2. Які складаецца, састаўлены з чырвоных сцягоў. Чырванасцяжнае, вольнае Зарыва ўдоўж і ўшыр... Стомлена выйшаў са Смольнага На вуліцу правадыр. Грачанікаў.

чырванатва́ры, ‑ая, ‑ае.

З чырвоным тварам. — Вы хто? — спытаў невысокі, шыракаплечы і чырванатвары лейтэнант. — Мы тутэйшыя, — адказаў Мікола. Новікаў. — Пяць рублёў, — буркнуў тоўсты чырванатвары чалавек, больш падобны на дырэктара маслазавода, чым на шафёра. Шамякін.

чырванафло́цец, ‑флотца, м.

Воінскае званне радавога саставу Ваенна-Марскіх Сіл СССР з 1935 да 1946 г., калі яно было заменена званнем «матрос». Калі б ведалі дзяўчаты. Што за служба ў іхніх хлопцаў, У адважных, слаўных хлопцаў — Маракоў-чырванафлотцаў. Гілевіч.

чырванафло́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чырванафлотца. Чырванафлоцкая выпраўка. Чырванафлоцкая бесказырка.

2. Які мае адносіны да Чырвонага Флоту. Чырванафлоцкія эскадры.

чырванашчо́кі, ‑ая, ‑ае.

У якога ружовыя, чырвоныя шчокі. — Панна Марына! Папрасіце вы: можа на вашу просьбу госць зверне ўвагу, — звярнулася да дзяўчыны жандарыха, чырванашчокая, дабрадушная жанчына. Колас. З класаў навыперадкі пачалі выбягаць хлапчукі, чырванашчокія, вясёлыя. Кулакоўскі.