угрунто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да угрунтаваць.
угру́нь, прысл.
Абл. Бягом. Угрунь пабег .. [кухар] да свае кухні, ускочыў, падбег к сталу, — зайца няма! Гарэцкі. // Вельмі хутка. Агні гараць, агні гараць над краем, а дні ля[ця]ць, а дні ля[ця]ць угрунь. Дубоўка.
угрыза́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да угрызціся.
угрыза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да угрызці.
угры́зены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад угрызці.
угры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. угрыз, ‑ла; зак., каго-што (пераважна з адмоўем «не»).
Разм. З цяжкасцю адкусіць, разгрызці. Сухар такі цвёрды, што не ўгрызеш яго. □ Смешныя ў .. [Курта] выходзілі пячонікі: зверху вуголле, а ўсярэдзіне цвёрдыя, як камень, — ні ўкусіць, ні ўгрызці. Ракітны.
угры́зціся, ‑зуся, ‑зешся, ‑зецца; ‑зёмся, ‑зяцеся; пр. угрызся, ‑лася; зак.
Грызучы што‑н., моцна ўчапіцца зубамі. [Халуста] угрызся гнілымі, але драпежнымі зубамі ў мяса, доўга жаваў яго без хлеба. Чарнышэвіч. // перан. Разм. Глыбока ўесціся, упіцца ў што‑н. Угрызлася піла ў дрэва. □ [Барыс:] — А было так: зямля — цэмент. Нарогамі не ўгрызціся ў цвёрдую, закасцянелую цаліну. Бялевіч.
угрэ́бці і уграбці́, уграбу, уграбеш, уграбе; уграбём, уграбяце; пр. угроб, уграбла і уграбла, угрэбла і уграбло; заг. уграбі; зак., што.
1. Загрэбці што‑н. куды‑н. Угрэбці салому ў гумно. Угрэбці жар у печ.
2. перан. Разм. Захапіць, прысвоіць што‑н. Пасля таго, як Хурс угроб сабе ў рукі заводзік, ён некалькі дзён і [начэй] праседзеў на ім разам з майстрам. Чорны.
угрэ́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад угрэць (у 1–3 знач.).
угрэ́ў, угрэву, м.
Разм. Месца, угрэтае сонцам; санцапёк. На ўгрэве каля шурпатых камлёў разложыстых хвоек раставаў снег. Колас. Намоклыя сцены карпусоў укрыліся парай на сонечным угрэве. Лынькоў.