Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сшы́так, ‑тка, м.

1. Сшытыя, у вокладцы, лісты чыстай паперы для пісьма, малявання. Вучнёўскія сшыткі. Агульны сшытак. □ Салдат даў хлопцу ў рукі тоўсты, з цвёрдай вокладкай сшытак. Навуменка. Аленка дастала сшытак са сваімі рысункамі. Колас. // Нясшытыя лісты пісчай паперы, складзеныя разам.

2. Складзены, але не разрэзаны друкаваны аркуш у кнізе, брашуры і пад.

3. Асобны выпуск перыядычнага выдання або друкаванага твора, які выходзіць па частках. Першы сшытак этымалагічнага слоўніка. // Невялікі зборнік нот.

сшы́ткавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сшытка. Сшыткавая папера.

сшы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сшыць.

сшы́ўка, ‑і, ДМ сшыўцы, ж.

Разм.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сшываць — сшыць.

2. Месца, па якім сшыта што‑н., а таксама тое, чым сшыта.

сшыўны́, ‑ая, ‑ое.

Пашыты не з цэлага кавалка (матэрыі, скуры і пад.); які мае шво. Сшыўны рукаў.

сшыць, сшыю, сшыеш, сшые; зак., што.

1. Злучыць шыццём (краі скуры, тканіны і пад.). Сшыць кавалкі матэрыі. □ Дома я склаў паперу ў маленькую кніжачку і папрасіў маці, каб сшыла. Бядуля. // Пашыць. Сшыць боты. Сшыць сукенку. □ Век зжыць — не мех сшыць. Прыказка.

2. Злучыць, змацаваць (пра дошкі і пад.). Сшыць драніцы. // Зрабіць, змацоўваючы дошкі і пад. Сшыць рамы.

сшэ́рхласць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан сшэрхлага.

сшэ́рхлы, ‑ая, ‑ае.

Здранцвелы, знямелы, зацёкшы. Нага сшэрхла. // Пасівераны (пра скуру на руках, твары і пад.). Твар у Ліды бледны, нават сшэрхлы. Васілёнак.

сшэ́рхнуць, ‑не; зак.

Здранцвець, знямець, зацячы. У Гані сшэрхлі рукі, ногі. Грамовіч. // Пасівераць (пра скуру на руках, твары і пад.).