Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рука́ў, ‑кава, м.

1. Частка адзення, якая пакрывае руку ці частку рукі. Ціха падпоўз Міколка да машыніста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Лынькоў. [Тамаш] схаваў пальцы рук у рукавы і зарагатаў. Чорны.

2. Адгалінаванне, якое адыходзіць ад галоўнага вусця ракі. З рукава рэчкі, падхопленая струменем, плыла некім сарваная галоўка лілеі. Арочка. Яшчэ дзесятак метраў быстрыні і рукавы рэчкі, вырваўшыся з-за вострава на шырыню, злучыліся. Брыль.

3. Труба ці кішка для адводу вадкасцей, газаў, сыпучых целаў. Пажарны рукаў. □ Па рукаве з каменных жорнаў Плыла бялей за снег мука. Астрэйка.

•••

Закасаўшы рукавы гл. закасаўшы.

Рукавом закусіць гл. закусіць.

Смяяцца ў рукаў гл. смяяцца.

Спусціўшы рукавы гл. спусціўшы.

рука́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рукава (у 1 знач.). Рукаўныя запінкі.

рука́ўчык, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да рукаў (у 1, 2 знач.).

2. Тое, што і манжэта (у 1 знач.).

рука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Абл. Вітацца, паціскаючы адзін аднаму руку. — Я вас заўважыў яшчэ пры месяцы — стрымліваючы смяшок, хмыкнуў носам Коўбец і пачаў рукацца. М. Ткачоў.

рукая́тка, ‑і, ДМ ‑ятцы; Р мн. ‑ятак; ж.

1. Частка якой‑н. прылады (ручнога інструмента, зброі і пад.), за якую трымаюцца пры карыстанні. Рукаятка адвёрткі. Рукаятка кінжала. Рукаятка гранаты. □ [Пятро] дастаў з кішэні пісталет, да болю сціснуў шурпатую рукаятку. Шамякін.

2. Частка машыны, прыбора, за якую бяруцца рукою для перамяшчэння, пераключэння, павароту і пад. Раптам .. [Галіна] схапілася за рукаятку і сцішыла ход паравоза. Гурскі.

рукая́ць, ‑і, ж.

Тое, што і рукаятка. Да .. [палоннага] кінуўся Клопікаў, наважваючыся ўдарам пісталетнай рукаяці падагнаць чалавека. Лынькоў.

рукза́к, ‑а, м.

Заплечны рэчавы мяшок. [Антось:] — Ну, я гатоў. А вось і рукзак. Ого, які цяжкі! Ён мне плечы абарве. Цікава, чаго гэта мама паклала ў дарогу. Бяганская. Рукзак паходны рэжа мае плечы, Ды я маўчу, маўчаць мае сябры. Свірка.

[Ням. Rucksack.]