руса...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «русы», напрыклад: русабароды, русагаловы.
русабаро́ды, ‑ая, ‑ае.
З русай барадой. Высокі, русабароды паджылы касец.. выйшаў нават крокаў на пяць у траву насустрач мядзведзіцкім. Крапіва.
русавало́сы, ‑ая, ‑ае.
З русымі валасамі. Чуцен спеў — Русавалосы грае трактарыст. Танк. У першай лодцы сядзіць русавалосы хлопец у белай кашулі. Аляхновіч.
русава́ты, ‑ая, ‑ае.
Трохі, злёгку русы. Русаватая дзяўчына. Русаватыя валасы.
руса́вы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і русявы. Быў Міхась Калачынскі тады танклявы, русавы, яснавокі і нават трошкі сарамлівы, ціхі, звычайны вясковы хлопец. Бялевіч.
русагало́вы, ‑ая, ‑ае.
З русымі валасамі на галаве.
руса́к, ‑а, м.
Шэры заяц, які захоўвае (у адрозненне ад беляка) аднолькавую афарбоўку зімой і летам. На тэрыторыі Беларускай ССР вядуцца зайцы русакі і белякі. «Беларусь».
русако́сы, ‑ая, ‑ае.
З русымі косамі. [Сымон] паглядаў у адзін бок, дзе пад сонечнай спякотай жала маладая русакосая дзяўчына — яго любая Зоська. Бядуля.
руса́лачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш.-ласк. да русалка.
руса́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Міфалагічны вобраз усходнеславянскіх народаў у выглядзе жанчыны з доўгімі распушчанымі валасамі, якая жыве ў вадзе або жыце. Русалак рогат... Ночы ціш... Пужаюць князя над вадою. Чарот. Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі. Бядуля.