Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рула́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Хуткі, раскацісты, віртуозны перакат у спяванні. Коля .. вярнуўся магам, чараўніком: іграў на гітары, высвістваў пакручастыя рулады. Навуменка. Пачаў Кастусь выводзіць тэнаравыя рулады. Шынклер. // Пра раскацістае, пералівістае спяванне птушак. А ў лесе, нібы ў мюзік-холе, Галоп салаўіных рулад. Пысін.

[Фр. roulade.]

рула́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рулады, уласцівы ёй. Руладны спеў.

руле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. руліць.

руле́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Кумпяк, з якога вынята костка і якому нададзена форма каўбасы.

2. Ежа з сечанага мяса ці бульбы з якой‑н. начынкай, запечаная ў выглядзе прадаўгаватага кавалка, звычайна акруглай формы.

3. Пірог з цеста, згорнутага ў некалькі слаёў з салодкай начынкай. Рулет з макам.

[Фр. roulette.]

руле́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Вузкая лента (пераважна стальная) з дзяленнямі, якая накручваецца на валік, змешчаны ў футарале, і служыць для вымярэння чаго‑н. Разам з Іванам Сямёнавічам вучні рулеткай вымяралі двор, забівалі ў зямлю калочкі. Курто.

2. Прыстасаванне для азартнай гульні ў выглядзе рухомага круга з нумараванымі ямкамі, па якім коціцца шарык, а таксама сама гэта гульня.

[Фр. roulette.]

рулі́, ‑ёў; адз. няма.

Абл. Страва, прыгатаваная з накрышанага хлеба ў малако ці ў падсоленую (з алеем) або падсалоджаную ваду. — Накрышы ў міску хлеба, нарэж цыбулі, гуркоў, налі расолу. Вось будуць рулі! Лужанін.

рулі́ць, рулю, руліш, руліць; незак.

Тое, што і руляваць. Самалёты рулілі па паласе і сталі ўзлятаць. Алешка.

[Ад фр. rouler — каціць.]

руло́н, ‑а, м.

Скручаная ў трубку папера, тканіна, цэлафан і пад. У кузаве ляжаў цэлы рулон газетнай паперы і скрынкі з шрыфтамі. Новікаў. Я знарок павольна прайшоўся ля стала, сеў у крэсла, раскатаў рулон з чарцяжамі. Б. Стральцоў.

[Ад фр. rouleau — звітак, трубка.]

руло́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рулона, у форме рулона. Рулонная папера. Рулонны толь.

руло́нчык, ‑а, м.

Памянш. да рулон, невялікі рулон.