ру́пар, ‑а, м.
1. Труба канічнай формы, якая служыць для ўзмацнення гуку. У руках цыбатага хлапца апынуўся бляшаны рупар, і, прыставіўшы яго да вуснаў, ён загудзеў: — Таварышы! Перш за ўсё правядзём спаборніцтва бегуноў. Мікуліч. // перан.; чаго. Кніжн. Той, хто перадае, выказвае, распаўсюджвае чые‑н. ідэі, погляды. З гаворкай Якубовіча ніяк не згаджаецца Антон Корж, вобраз якога ў апавяданні па сутнасці з’яўляецца рупарам ідэй аўтара. Лойка. Агітацыйна-масавая графіка перыяду грамадзянскай вайны была рупарам ідэй Камуністычнай партыі. Шматаў.
2. Разм. Рэпрадуктар у выглядзе такой трубы. У пасёлку каля слупа з рупарам стаяла некалькі мужчын і жанчын з дзецьмі. Кулакоўскі. — Дарэчы, чаму ў вас на кухні ніколі рупар не выключаецца? Грамовіч.
[Ад гал. roerper.]
ру́парны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рупара, забяспечаны рупарам. Рупарная антэна.
рупатлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць рупатлівага. У .. голасе [Крушынскага] чулася надзвычайная рупатлівасць. Бядуля.
ру́песак, ‑ску, м.
Абл. Клопат, стараннасць, руплівасць. Амбражэвіча ў раёне ўсе звалі бацькам, як за гады, так і за разумную сталасць і сапраўды бацькоўскі рупесак і клопат аб усім. Мурашка. Мінуліся вясёлыя забавы, — І матчын рупесак, яе трывогі Душу дзіцячую кранулі без пары. Вітка.
ру́песк, ‑у, м.
Абл. Тое, што і рупесак. Вера Іванаўна даўно ўправілася, але, бачачы мужаў рупеск, нібы хацела налюбавацца на яго запозненную ўвішнасць. Сабаленка.
ру́пець, ‑піць; незак.
1. безас. каму, з інф. і без дап. Пра неадольнае жаданне рабіць што‑н.; хацецца; карцець. Кожнаму рупіла хутчэй даведацца, якую навіну прынёс з сабою Карташоў. Стаховіч. Яшчэ зірнуць з акна вагона Мне рупіць на цябе хоць раз. Смагаровіч. Міколу рупіла кінуць работу і вярнуцца да Волькі. Кандрусевіч.
2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. Лявон не баяўся таго, што яны могуць распачаць тут бойку і што будзе потым, але.. рупіла, сям’я: жонка, дзеці, бацькі. Дамашэвіч.
ру́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; незак.
1. Старацца, клапаціцца, непакоіцца аб кім‑, чым‑н. Старанная дзяўчына, якая ведала і любіла сваю работу, рупілася аб калгасе, заўсёды была патрабавальнаю. Дуброўскі. Можа ў вас якая адрынка ёсць? — спытаў Андрэй, заўважыўшы, аб чым рупіцца гаспадар. Кулакоўскі.
2. Хацецца. Ім [бабулям] не сядзіцца доўга ў цяньку — Усё ім за варотцы выйсці рупіцца. Свірка.
ру́пія, ‑і, ж.
Грашовая адзінка ў Індыі, Пакістане і некаторых іншых краінах; манета адпаведнай вартасці.
[Ад санскр. rüpyam.]
руплі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць руплівага; дбайнасць, клапатлівасць, стараннасць. [Варывончык] спрытна, з гаспадарчай руплівасцю, пачаў падразаць купіны і рассякаць іх на дробныя кавалкі. Кулакоўскі. — Пры такім старанні можна і акадэмікам стаць, — жартаваў Заранік, бачачы гэтую руплівасць Паходні. Хадкевіч.