руда́, ‑ы, ДМ рудзе; мн. руды; ж.
Прыродная мінеральная сыравіна, якая змяшчае ў сабе металы або іх злучэнні. Жалезная руда. Руды каляровых металаў. Уранавая руда. Азбеставая руда. □ І робяць гарнякі руду, шахцёры высякаюць вугаль. Таўлай. [Лахманы] мокрыя да пахаў, у бурых плямах балотнай руды. Місько.
рудабаро́ды, ‑ая, ‑ае.
З рудой барадой. — Што ён кажа? — не ўтрываў шыракаплечы рудабароды партызан з марлевай павязкай на вялікай стрыжанай галаве. Мележ.
рудавало́сы, ‑ая, ‑ае.
З рудымі валасамі. Змітрок крадком пазіраў на Ігналю, і новае, нязнанае дагэтуль пачуццё ўзнікала ў яго да гэтага рудавалосага, шчуплага і надзвычай жывога хлопца. Хадкевіч.
рудава́ты, ‑ая, ‑ае.
Трохі руды, не зусім руды. [Галіна Адамаўна] не ведае больш прыгожых валасоў. Дурні тыя, хто кажа, што доктар Яраш трохі рудаваты. Шамякін. [Сабастыян] пільна ўзіраецца пад кусты ядлоўцу, шукаючы рудаватых грыбных капялюшыкаў. Сабаленка.
рудаво́з, ‑а, м.
Баржа, па якой возяць руду. Плывуць цеплаходы, плывуць рудавозы, шумяць з берагоў ім дубы і бярозы. Дубоўка.
рудаву́сы, ‑ая, ‑ае.
З рудымі вусамі. [Дзядзька] як заходзіў у хату, усмешка ззяла на ўсім яго шырокім рудавусым твары. Хадкевіч.
рудако́п, ‑а, м.
Уст. Горнарабочы ў рудніку.
рудано́сны, ‑ая, ‑ае.
Які змяшчае ў сабе залежы руды.
рудапад’ёмны, ‑ая, ‑ае.
Які падымае руду з шахты па паверхню зямлі. Рудапад’ёмная машына.