Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ручаёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ручая, уласцівы яму. Ручаёвая вада. Ручаёвы перазвон.

ручаёк, ‑чайка, м.

Памянш.-ласк. да ручай; невялікі ручай.

ручаі́на, ‑ы, ж.

Невялікі ручай. Дзе ціха бяжыць ручаіна З празрыстай крыніцы лясной, Стаіць маладая каліна У белым убранні вясной. Матэвушаў. Павел знайшоў тры ручаіны, што выцякалі з возера. Ваданосаў. Лугамі ды пералескамі ішла вясна, разлівалася ручаінамі, першымі жаваранкамі спявала ў небе. Бялевіч.

ручаі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да ручаіна; невялікая ручаіна. Па дарогах струменілі вясёлыя, шумлівыя ручаінкі. Самуйлёнак.

руча́й, ‑я, м.

Невялікі, утвораны выхадам на паверхню падземных вод або сцёкам снегавых ці дажджавых вод, вадзяны паток. Наперадзе, пад навіссю альховых галін, булькатаў лясны ручай. Гамолка. Разгневаны паток вады дыбіўся, лез на [камяні], прасочваўся паміж імі дзесяткамі ручаёў. Шамякін. Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца. Прымаўка. // Пра любую вадкасць, якая моцна цячэ, струменіцца. З маіх вачэй ліліся ручаі слёз. Бядуля.

руча́йка, ‑і, ДМ ‑айцы; Р мн. ‑аек; ж.

1. Верацяно з наматанымі на яго ніткамі. Маці ўздыхнула, наматала на ручайку апошнюю нітку і ўстала з-за прасніцы. Пестрак. Белы, з серабрыстым адлівам кужаль пад яе рукамі ўмомант наматваўся ніткай на ручайку. Паўлаў.

2. Абл. Жменя лёну (валакна). За паклонамі б’юць церніцы паклон, За ручайкаю ручайку — грызуць лён, А з-пад церніцаў кастрыца — быццам снег. Крапіва. Яе русыя валасы, заплеценыя ў слабую касу, адразу кідаліся ў вочы: былі, як ачэсаная ручайка льну. Пташнікаў.

руча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Запэўніваць у чым‑н., гарантаваць што‑н., прымаць на сябе адказнасць за каго‑, што‑н. — Я ручаюся, што Коля апраўдае высокае званне камсамольца... Корзун. — Ручаюся, праз тры гады .. [Іванова] сама ў нашым жа інстытуце будзе чытаць бліскучыя лекцыі. Васілевіч.

•••

Ручацца галавой за каго‑, што‑н. — браць на сябе поўную адказнасць за каго‑, што‑н.

ру́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да рука (у 1 знач.).

2. Частка прадмета, за якую бяруцца рукой пры карыстанні ім. З калідора нехта ўзяўся за ручку дзвярэй. Васілёнак. На куфэрку ручка з медзі, Зверху ручку ўбачыш ледзьве. Дубоўка. // Прыстасаванне ў машынах, апаратах, якое служыць для прывядзення іх у дзеянне шляхам пакручвання рукой. Клімянок пакруціў ручкі прыёмніка. Шыцік.

3. Пісьмовая прылада ў выглядзе палачкі, стрыжня, куды ўстаўляецца пяро. Потым я дастаў з дзедавай шафы чарніліцу, ручку. Бядуля.

•••

Аўтаматычная ручка — тое, што і аўтаручка.

Шарыкавая ручка — аўтаматычная ручка з шарыкам замест пяра для падачы чарнільнай масы.

Дабіць да ручкі гл. дабіць.

Давесці да ручкі гл. давесці.

Дайсці (дабіцца) да ручкі гл. дайсці.

ручні́к, ‑а, м.

Вузкі прадаўгаваты кавалак тканіны, спецыяльна прызначаны для выцірання твару, рук, цела ці пасуды. Гаспадыня падала чысты ручнік. Аляксей падзякаваў, выцер рукі і сеў за стол. Пальчэўскі. Галіна падышла да сцяны, ля якой сядзеў Папас, зняла з цвіка лямпу і пачала ручніком праціраць шкло. Галавач. Госці вылазілі з-за стала. Дзядзька Пракоп, павязаны наўскасяк цераз плячо вышываным ручніком, вылез амаль першым. Сабаленка.

ручніко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ручніка. Ручніковы ўзор. // Прызначаны для вырабу ручнікоў. Ручніковая тканіна.