ру́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да руды. Рудныя багацці. // Які мае ў сабе руду. Рудныя выкапні.
ру́дня, ‑і, ж.
Уст. Прамысловае прадпрыемства, дзе здабывалі або плавілі руду.
рудсто́йка, ‑і, ДМ ‑йцы, зб., ж.
Разм. Крапёжныя драўляныя матэрыялы; крапёжны лес. [Бедыкоўскі:] — Данбасу рудстойка патрэбна? Патрэбна. А дзе яе ўзяць? З вольхі рудстойкі не зробіш. Мяжэвіч.
руды́, ‑ая, ‑ое.
Рыжа-карычневы. І ўсё ў гэтым чалавеку было рудым — і яркая каўбойка і калматая чупрына, і густыя калючыя бровы. Лынькоў. Хлопцы ўбачылі, як вялікая рудая вавёрка ледзь справілася ўскочыць на тоўстую елку. Ваданосаў. Па берагах канала ляжалі высокія бясформенныя груды рудой балотнай зямлі. Краўчанка.
•••
Загінуў як рудая мыш гл. загінуць.
рудыме́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Недаразвіты, астаткавы орган, які страціў сваё першапачатковае значэнне ў працэсе эвалюцыйнага развіцця.
2. перан. Кніжн. Астатак, рэшткі якой‑н. з’явы.
[Ад лац. rudimentum — зачатак, пачатковая ступень.]
рудымента́рны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які з’яўляецца рудыментам, знаходзіцца ў недаразвітым стане; астаткавы.
•••
Рудыментарны орган гл. орган.