Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

п’яню́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑нюзе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. пагард. Тое, што і п’яніца. Прыцягнуўся нарэшце і Паўлюк Гвардыян, старэйшы брат Цімафея Міронавіча Гвардыяна, але — не ў пару яму — зусім нікчэмны, шалапутны мужык — вялікі гультай і п’янюга. Зарэцкі.

п’яню́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад п’яніць.

2. у знач. прым. Які прыводзіць да стану ап’янення; хмельны. Пачалі чарнець спачатку яры, яміны, лагчыны, а потым пачарнеў і ўвесь стэп, дыхнуў вільгаццю, запахла сырой травой і знік п’янючы мядовы водар. Хомчанка.

п’я́ўка, ‑і, ДМ п’яўцы; Р мн. п’явак; ж.

1. Прэснаводны чарвяк, які корміцца кроўю жывёл, прысмоктваючыся да іх цела. Конская п’яўка. Медыцынскія п’яўкі. □ У балоце кішма кішаць п’яўкі, гадзюкі... Грамовіч.

2. перан. Крывапівец, паразіт, прыгнятальнік. І як ні кляў ён [Антось] гэту п’яўку, Ды мусіў даць рубля за спраўку. Колас. [Следчы:] — І не сорам вам быць п’яўкай, жыць за чужы кошт? «Звязда».