Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

птушкафа́брыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

Дзяржаўнае птушкагадоўчае прадпрыемства, якое забяспечвае насельніцтва прадуктамі птушкагадоўлі.

птушкафе́рма, ‑ы, ж.

Птушкагадоўчая ферма. [Старшыня] давёў, што толькі прыбытак ад возера, калі на ім пабудаваць птушкаферму, намнога памножыць багацце калгаса. Ваданосаў.

пту́шнік, ‑а, м.

1. Памяшканне для ўтрымання і развядзення свойскай птушкі. Я нават памог Лідзе загнаць яе незлічонае «белае войска» на птушнік. Ваданосаў.

2. Работнік, які даглядае свойскую птушку (на ферме, фабрыцы і пад.).

пту́шніца, ‑ы, ж.

Работніца, якая даглядае свойскую птушку (на ферме, фабрыцы і пад.). [Старшыня] глядзела, як птушніцы кормяць малюсенькіх куранят. Даніленка.

пту́шынка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да птушка; маленькая птушка. Праз адчыненыя дзверы заляцела аднойчы ў клас нейкая маленькая птушынка. Колас.

птушы́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да птушкі. Птушыныя галасы. Птушыны пух. □ Там, у гушчары дрэў, Уночы чуцен рогат соў, Удзень — птушыны спеў. Панчанка. // Які складаецца з птушак. У чарацяным гушчары шчабеча ды шастае нейкая птушыная дробязь. Брыль. Маці дужа клапацілася аб тым, каб хто не спакусіўся на яе птушынае багацце. Лынькоў. // У якім водзіцца многа птушак; населены птушкамі. Птушыны гай. □ Таямнічы шолах плыў з птушынага бярэзніку. Бялевіч. // Прызначаны для птушак. Птушыны корм. Птушыная клетка.

2. Які нагадвае птушку; такі, як у птушкі. У прыемнай сакратара пісала на машынцы бялявая дзяўчына з маладзенькім, нейкім птушыным тварам. Гаўрылкін. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачамі, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Маўр.

•••

З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.

Птушыны базар гл. базар.

(Толькі) птушынага малака не хапае гл. хапаць.

птэрада́ктыль, ‑я, м.

Род птэразаўра.

[Ад грэч. pteron — крыло і daktylos — палец.]

птэраза́ўр, ‑а, м.

Выкапнёвы паўзун, у якога пярэднія канечнасці ператварыліся ў крылы; лятучы яшчар.

[Ад грэч. pteron — крыло і sauros — яшчарка.]