Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

грува́сціць, ‑вашчу, ‑васціш, ‑васціць; незак., што.

Бязладна навальваць адзін прадмет на другі.

груга́н, ‑а, м.

Вялікая чорная птушка сямейства крумкачовых, якая жывіцца пераважна падлай; крумкач. // перан. Пра шкоднага, небяспечнага чалавека. Наш дэвіз — мір і воля народам! Наш паход груганам не стрымаць. Васілёк.

•••

Куды груган касцей не занясе — пра вельмі аддаленае або цяжкадаступнае месца.

груганнё, ‑я, н., зб.

Чарада груганоў, груганы. Над месцам бою кружыла груганнё. Гурскі. // перан. Пра шкодных, небяспечных людзей. Яшчэ не дрэмле чорнае Ў закутках груганнё. Купала.

гругано́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гругана, уласцівы яму. Гругановы крык.

гругано́ў, ‑ова.

Які належыць гругану. Груганова крыло.

груганяня́ і груганянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Птушаня гругана.

груд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Невялікая горка, узгорак. У лесе неяк адразу павесялела, а на пясчаных грудах зноў заззяў верас. С. Александровіч. Пры шумнай рацэ, на пакацістым грудзе, Паставілі Ноўгарад Рускія людзі. Лужанін.

2. Сухая сенажаць, сухадол. З гэтага боку мястэчка пачыналіся паплавы, найбольш груд, а месцам прыбалочаныя. Чорны.

3. Тое, што і груда (у 1 знач.). З двух грузавікоў у вялікі груд згружаюць цэглу. Шамякін.

4. Абл. Куча галля, хворасту; лоўж. Пад зацішным кустом або ў грудзе ламачча вывела на свет першы вывадак даўгавухая рыжая зайчыха. «Звязда».

гру́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Куча зваленых у беспарадку прадметаў, рэчаў. Груды развалін. □ Быццам вузей стала вуліца, заваленая грудамі бярвення. Васілевіч. Цёмнай грудай.. ляжалі непатрэбныя гаспадарчыя прылады. Самуйлёнак.

2. Замёрзлая, засохлая гразь. Ехалі ж мы яшчэ на калёсах, па замёрзлай грудзе. Гарэцкі.

3. Глыба, кусок чаго‑н. цвёрдага, звычайна зямлі. Затарахцелі, забрынчэлі пабітыя калёсы, падскокваючы на мёрзлых грудах. Шамякін. Збіваючы да крыві аб каменне і груды босыя ногі, бяжыць цыбаты Гараська Бусел. Сачанка.

грудабру́шны, ‑ая, ‑ае.

Які раздзяляе грудную і брушную поласці (пра перапону, дыяфрагму).

груда́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З вялікімі, шырокімі грудзямі. Тарпак быў здаравенны, грудасты, шыракаплечы, і яго «пярэпалахі» выклікалі агульны смех. Колас. // Паўнагрудая (пра жанчыну). Здаровая дзеўка была, грудастая такая. Скрыган.