Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

алеі́н, ‑у, м.

Тэхнічная алеінавая кіслата.

[Ад лац. oleum — алей.]

алеі́навы, ‑ая, ‑ае.

У выразе: алеінавая кіслата гл. кіслата.

але́істасць, ‑і, ж.

Уласцівасць алеістага; ступень наяўнасці, утрымання алею ў чым‑н. Алеістасць сланечнікавага семя.

але́істы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтрымлівае ў сабе алей, мае прымесь алею. // Які мае некаторыя якасці алею; падобны на алей. Алеістая вадкасць.

2. Блішчасты, глянцавы, як бы пакрыты алеем. Алеісты ліст.

але́й, алею, м.

1. Тлушч з расліннага насення: канаплянага, макавага, ільнянога, гарчычнага, сланечнікавага і пад. Канапляны алей. Какосавы алей. □ Пасля наварыстай капусты і гарачых дранікаў з алеем Юрка вабраўся на палаткі. Курто. [Барановічаў кум:] — Калі ў каго які з гарнец канапель ці семя ёсць, дык ён выцісне якую бутэльку алею і ў Тадулічах. Чорны.

2. Аліўкавы тлушч, які выкарыстоўваецца ў царкоўным абыходку; ялей. Самы просты, звычайны пачатак: нарадзіўся адзін чалавек. Першым поп за яго ўзяў падатак, мазануў алеем па галаве. Дубоўка. // перан. Прытворная ласкавасць, празмерная ліслівасць. Сочыцца мірны алей з языкоў У лорда Сесіля і Поля Банкура І ў тых, што за імі ў цяньку стаяць. Крапіва. Ухмылка крывіць яго пыскі, З іх чуць не капае алей. Марына кланяецца нізка, І Богут зорыць весялей. Колас.

але́йнасць, ‑і, ж.

Ступень, колькасць алею ў чым‑н. Алейнасць насення сланечніку вагаецца ў вельмі шырокіх межах: ад 28–30 да 45–47%.

але́йнік, ‑а, м.

Тое, што і алейшчык.

але́йніца, ‑ы, ж.

Бутэлька, бляшанка, каністра для алею.

але́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які звязаны з алеем, утвораны алеем, складаецца з алею. Алейная пляма. Алейная скалка ў супе.

2. Выкананы фарбамі, якія расцёрты на алеі, звязаны з ужываннем такіх фарбаў. Алейны жывапіс. Алейны партрэт. Алейная фарба.

3. З якіх вырабляецца алей (пра расліны). Алейныя культуры.

4. Які адносіцца да вытворчасці алею. Алейны завод.

але́йня, ‑і; Р мн. ‑няў; ж.

Прадпрыемства па вытворчасці алею. На пабудове камбіната ішла падрыхтоўка да пуску млына, алейні, ваўначоскі. Сташэўскі.