Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

зардзе́цца і заірдзе́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

1. Стаць ярка-чырвоным; пачырванець. Даніла прахапіўся, як толькі зардзеўся на ўсходзе малады вясновы ранак. Сабаленка. // Пачырванець ад сораму, хвалявання і пад. Зіна, пабачыўшы.. [Сяргея і Васіля], адразу зардзелася і разгублена забегала па пакоі, то падаючы крэслы, то выціраючы стол. Няхай. Заірдзелася ў Нямка правая шчака і задрыжалі, сцяліся пад рыжаватымі вусамі губы. Кулакоўскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучыцца сваім ярка-чырвоным колерам, паказацца (пра што‑н. ярка-чырвонае). Заірдзеліся між травы суніцы.

зардзе́ць і заірдзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Тое, што і зардзецца, заірдзецца. І лісце і травы Ад росаў зардзелі. Купала. Луг стрымана зардзеў чырванню маку. Быкаў.

заржаве́лы і заіржаве́лы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты ржою; іржавы. Заржавелы дрот.

заржаве́ць і заіржаве́ць, ‑ее; зак.

Пакрыцца ржою, стаць іржавым. Трубы заржавелі. □ Цяпер машына стаяла ў свірне, у сухім месцы, каб нічога ў ёй не заржавела. Ермаловіч.

заржа́віць, ‑ржаўлю, ‑ржавіш, ‑ржавіць; зак., што.

Дапусціць, каб што‑н. зрабілася ржавым. Заржавіць сякеру.

заржа́ўлены і заіржа́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Заржавелы, іржавы. Заржаўлены цвік.

заржа́ць і заіржа́ць, ‑ржу, ‑ржэш, ‑ржэ; ‑ржом, ‑ржаце; зак.

Пачаць (і)ржаць. // Абарвацца ржаннем. Гняды заржаў, пачуўшы гаспадара, і пацягнуўся мызай да канюшыны. Чарнышэвіч.

зарні́ца 1, ‑ы, ж.

Светлавая ўспышка на небе, без грому — водбліск далёкай навальніцы. Ноч стаяла трывожная, з зарніцамі і далёкімі грымотамі. Карпаў. Бывае часам, калі пасля доўгіх тыдняў духаты і спёкі загараюцца на далёкім вячэрнім небасхіле палахліва-мітуслівыя зарніцы. Паслядовіч.

зарні́ца 2, ‑ы, ж.

Пустазелле або дэкаратыўная травяністая расліна сямейства залознікавых з жоўтымі ці фіялетавымі кветкамі.

заро́бак, ‑бку, м.

Разм.

1. Тое, што і заработак (у 1 знач.). [Механік] паведамляў, што працуе на трактарным заводзе ў Харкаве. Работа па душы, заробак — дай бог! Алешка.

2. звычайна мн. (заро́бкі, ‑аў). Тое, што і заработак (у 2 знач.). Старэйшы брат Васіля, які штогод выязджаў на заробкі ў Данбас, прывёз летам гармонік. Кавалёў.

заро́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зарабіць.