зарапартава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
Разм. Нагаварыць лішняга, заблытацца ў сваіх довадах, разважаннях. — Вы, малады чалавек, зарапартаваліся. Гурскі.
зарасі́ць, ‑рашу, ‑росіш, ‑росіць; зак., каго-што.
Змачыць расой. Сукенка, якую.. [Данута] учора зарасіла па дарозе сюды, вісела перад уваходам у зямлянку. Бажко.
за́раслі, ‑яў; адз. няма.
Разм. Тое, што і зараснік. — Хто там? — не выходзячы з зарасляў, спытаў Шура. Навуменка. Густыя хваёвыя зараслі ў нізінах, высокія скалы, кручы ў гарах рабілі амаль немагчымай хаду на.. лыжах. Шамякін.
за́раснік, ‑у, м.
Густа парослыя дрэвы, кусты, травы. На абодвух берагах.. [рэчкі], раслі чаромха і крушына, пераплеценыя хмелем і калючай ажынай, а над усім гэтым зараснікам узвышаліся верхавіны старых алешын. Хомчанка. Часам там, у чаротавых зарасніках, чуўся гучны ўсплеск: жыраваў шчупак. Даніленка.
за́растак, ‑тка, м.
Палавое пакаленне ў вышэйшых споравых раслін (папарацяў, хвашчоў, дзеразы).
зараста́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. зарастаць — зарасці.
зараста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зарасці.
зарасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. зарос, ‑расла, ‑ло; зак.
1. чым і без дап. Пакрыцца, парасці якой‑н. расліннасцю. За апошнія гады дзялянка зарасла маладым бярэзнікам, які быў ужо вышэй рослага чалавека. Шуцько. // Пакрыцца валасамі, поўсцю і пад. Твар .. [камандзіра брыгады] асунуўся, пацямнеў, зарос за час блакады густой барадою. Шамякін. [Андрэй] амаль не падобны быў сам на сябе: твар густа зарос, скроні ўпалі і быццам бы пасівелі. Кулакоўскі.
2. Разм. Зажыць, зарубцавацца (пра рану). І ў чалавека раны зарастуць, Але рубцы навечна застануцца. Свірка.
•••
Зарасці (парасці) быллём — адысці ў нябыт, забыцца. Ліха тое сёння Адышло далёка, Зарасла быллём. Колас.
Зарасці граззю — без догляду вельмі забрудзіцца.
зарасці́ць, ‑рашчу, ‑росціш, ‑росціць; зак., што.
Пакрыць якой‑н. расліннасцю. Зарасціць участак травой.
зараўнава́цца, ‑нуецца; зак.
Зрабіцца роўным з навакольнай паверхняй (пра ўпадзіны, узвышэнні і пад.). Выбоіны зараўнаваліся.