заразі́хавыя, ‑ых.
Сямейства шмат- або аднагадовых раслін, да якога адносяцца розныя віды пустазелля, што паразітуе амаль на ўсіх сельскагаспадарчых культурах.
заразі́цца, ‑ражуся, ‑разішся, ‑разіцца; зак., чым і без дап.
1. Захварэць, успрыняўшы заразу. Заразіцца грыпам. □ [Сцяпана] непакоіла думка аб тым, што вось, яшчэ не пачаўшы работу, ён, мабыць, заразіцца і захварэе. Шамякін.
2. перан. Успрыняць, пераняць што‑н. ад каго‑н. іншага. Заразіцца страхам. Заразіцца весялосцю. □ Было падобна на тое, што .. [шафёр] заразіўся на нейкі час ад сваіх пасажыраў поўнай абыякавасцю да ўсяго навакольнага і, як гаворыцца, скіс. Лынькоў.
заразі́ць, ‑ражу, ‑разіш, ‑разіць; зак., каго-што.
1. Перадаць заразу каму‑, чаму‑н. Заразіць ангінай. // Напоўніць чым‑н., шкодным для жывога арганізма. Заразіць калодзеж. Заразіць паветра міязмамі.
2. перан. Перадаць каму‑н. сваё пачуццё, схільнасць да чаго‑н. Заразіць любоўю да музыкі. □ Сваім новым жаданнем Лясніцкі заразіў і Славіна. Зарэцкі. // Перадаючыся, распаўсюджваючыся, як зараза, ахапіць каго‑н. Глухнуць нават трубкі тэлефона. Заразіў футбол усіх, як грып. Макаль.
зара́злівы, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і заразны (у 1 знач.).
2. перан. Які лёгка перадаецца іншым, пераймаецца іншымі. Часамі ўдавалася. .. [Янку Тукалу] разварушыць, і тады ён рабіўся вясёлым, жартлівым, здольным усіх захапіць сваімі жартамі і смяяўся такім заразлівым смехам, што нельга было не паддацца яму. Колас.
зара́знік, ‑а, м.
Разм. Той, хто (тое, што) заражае.
зара́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да заразы. Заразныя бактэрыі. // Выкліканы заразай; інфекцыйны. Заразная хвароба.
2. Здольны заразіць іншых. Заразны хворы. / у знач. наз. зара́зны, ‑ага, м.; зара́зная, ‑ай, ж. Ізалятар для заразных.
3. Разм. Прызначаны для заразных хворых. Заразная бальніца.
зарака́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. заракацца — зарачыся.