упя́цца, упнуся, упнешся, упнецца; упнёмся, упняцеся; пр. упяўся, упялася; заг. упніся; зак.
1. Уперціся ў што‑н. для апоры, адштурхоўвання, супраціўлення. Не здольны ўжо разважаць,.. [Яўхім], як стаяў, упяўся лапцямі ў разору, закрычаў: — Не пушчу!!! Мележ. Тады Ігналь пабег у парог, зняў з вешалкі кажух і апрануў; сунуў босыя ногі ў валёнкі, упяўся ў дзверы. Лупсякоў. // Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. — А-а! — Славік завыў, як дзікун. Але волі хапіла не перакінуць нагі з педалі газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Шамякін.
2. Напружыць свае сілы, напяцца. Гняды аж упяўся крыху, пакуль з месца крануў, але нічога, павёз. Чарнышэвіч.
3. перан. Разм. Уперціся, не захацець згадзіцца з чым‑н. — Не, браце, ты мне дай не кабылу, а жаробку.. — Хведар пасунуўся следам за Варывонам і ўсё шаптаў сам сабе разважліва: — Такі, мусіць, жаробкі не дасць. От як упяўся. Чорны.
упя́ць, упну, упнеш, упне; упнём, упняце; пр. упяў, упяла; заг. упні; зак., што.
Разм. Уставіць вочы, позірк у каго‑, што‑н. Лясніцкі ўпяў гарачы погляд у паненку, з ліхаманкавым хваляваннем сачыў за кожным яе рухам. Зарэцкі. — Сядзіць неяк.. [сабака] пад сасной. Упяў вочы ўгору ў адну кропку і не варухнецца. Хадкевіч.
упяцяры́х, прысл.
Колькасцю ў пяць асоб (рознага полу) або істот (ніякага роду). Калень гэты, нібыта яго ўзялі і наўмысля пагаблявалі, роўны і гладкі, што твой стол. Можна сесці ўпяцярых. Васілевіч.
упячы́, упяку, упячэш, упячэ; упячом, упечаце, упякуць; пр. упёк, упякла, ‑ло; заг. упячы; зак.
1. што. Спячы; добра прапячы. Упячы хлеб.
2. каго. Разм. Адправіць куды‑н. супраць волі. У польскай арміі.. [Максіма] ў страявую часць не ўзялі, а ўпяклі ў санітарны батальён. Машара. // Пасадзіць у турму, зняволіць. — Ды не! — запярэчыў .. [Лабановіч] сам сабе. — Некаму гэта патрэбна. Вось жа і мяне ўпяклі ў астрог, нават не паклапаціўшыся падперці прысуд доказамі. Колас. [Антось:] — Эх ты, чалавек — на галаве шапка! На каго ж ты пойдзеш са скаргай? На роднага брата! Табе будзе добра, як яго ў каталажку ўпякуць? С. Александровіч.
3. каго. Разм. Папракнуць каго‑н., з’едліва сказаць што‑н. каму‑н. — Мала ж ты каму верыш! — упёк.. [Башлыкова] хтосьці з залы, голасна, злосна. Мележ. Кожнае Званцова слова здавалася .. [Макару] зручным, каб упячы і яго, і Ёсіпа. Дуброўскі.
4. што. Разм. Марна патраціць, выдаткаваць. Паказальную кашару будавалі! — грошы ўпяклі, а карысці ніякай. Асіпенка.
5. па чым. Разм. Выцяць каго‑н. З усяго размаху ўпёк па спіне.
упячы́ся, упячэцца; упякуцца; пр. упёкся, упяклася, ‑лося; зак.
Спячыся да поўнай гатоўнасці. Хлеб добра ўпёкся.