упя́цца, упнуся, упнешся, упнецца; упнёмся, упняцеся; пр. упяўся, упялася; заг. упніся; зак.

1. Уперціся ў што‑н. для апоры, адштурхоўвання, супраціўлення. Не здольны ўжо разважаць,.. [Яўхім], як стаяў, упяўся лапцямі ў разору, закрычаў: — Не пушчу!!! Мележ. Тады Ігналь пабег у парог, зняў з вешалкі кажух і апрануў; сунуў босыя ногі ў валёнкі, упяўся ў дзверы. Лупсякоў. // Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. — А-а! — Славік завыў, як дзікун. Але волі хапіла не перакінуць нагі з педалі газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Шамякін.

2. Напружыць свае сілы, напяцца. Гняды аж упяўся крыху, пакуль з месца крануў, але нічога, павёз. Чарнышэвіч.

3. перан. Разм. Уперціся, не захацець згадзіцца з чым‑н. — Не, браце, ты мне дай не кабылу, а жаробку.. — Хведар пасунуўся следам за Варывонам і ўсё шаптаў сам сабе разважліва: — Такі, мусіць, жаробкі не дасць. От як упяўся. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)