Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кру́жна,

1. Прысл. да кружны. Не сунімаючы разбегу, Дзе кружна, дзе і напрасткі, Навобмацак бяруць з-пад снегу Разгон вясновы ручайкі. Гаўрусёў.

2. безас. у знач. вык. Далёка, далей, чым па прамой. Краузе надумаў не хадзіць па вуліцы ў камендатуру, бо гэта было крыху кружна, а загадаў прарэзаць дзверы ў агарожы і праз двор выходзіў у каменданцкі будынак. Кавалёў.

кружны́, ‑ая, ‑ое.

Абходны, акольны, больш далёкі (пра шлях, дарогу і пад.). Кружная дарога. □ [Марцаліс] не пайшоў напрасткі, а выбраў кружны шлях — больш доўгі і больш пэўны. Шыцік.

кружо́к, ‑жка, м.

1. Памянш. да круг (у 1, 2 і 3 знач.). Сесці ў кружок. Нарысаваць кружок.

2. Круглая драўляная падстаўка пад скавараду. На драўляны прамаслены кружок паставіла [маці] патэльню з яечняй. Шамякін.

кружы́цца, кружуся, кружышся, кружыцца; незак.

1. Паварочвацца вакол сваёй восі, рухацца па кругу; круціцца, вярцецца. Іграе гармонік, у вальсе кружацца пары. І Рыгор з Ларысай у агульным кругу. Б. Стральцоў. Мічман пачаў кружыцца пад музыку, танцаваць і рабіць усялякія выкрунтасы нагамі. Хромчанка. // Беспарадкава рухацца, мітусіцца. Слава не магла ўстаяць на адным месцы ні моманту. Яна кружылася, бегала, паказвала маці на мох і верас. Чорны.

2. Лятаючы, рабіць, апісваць кругі. Марудна цягнецца ў хаце летні дзень. Горача. Гудуць і кружацца роем мухі, у вочы лезуць. Колас. Самалёты сады нашы наліваюць, над полем кружацца, рунь падкормліваюць. Бялевіч. // Насіцца ў паветры (пра снег, пыл і пад.). Ціха, павольна кружыліся ў паветры сняжынкі, сцелючы мяккую пасцель зямлі. Васілевіч. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа тэмы, прадмета, думкі і пад. Думкі найбольш кружыліся ля свайго раёна. Як там? Што там? Пестрак. Едучы ў трамваі, Парамон Пісанец думаў пра сваё даручэнне. Думкі кружыліся навокал загадкавага прозвішча. Грамовіч.

3. Разм. Тое, што і кружыць (у 3 знач.). Так некалькі дзён і начэй .. [Пацейчык і немец] кружыліся па гэтым лесе, то выпускаючы адзін аднаго з вока, то зноў сыходзячыся. Чорны.

4. Разм. Тое, што і кружыць (у 4 знач.). Кружыцца мяцеліца, Сцежкі запарошвае. Валасевіч.

•••

Галава кружыцца гл. галава.

кружы́ць, кружу, кружыш, кружыць; незак.

1. каго-што. Прыводзіць у кругавы рух, застаўляць рухацца па кругу; круціць, вярцець. [Кавалеры] хвацка кружылі сваіх дам. Колас. Кружыць лісце вецер, Рве салому з хаты. Астрэйка.

2. Разм. Тое, што і кружыцца (у 2 знач.). Высока ў паднябессі, сумна і адзінока, кружыць коршак — няўжо адтуль выглядае сабе здабычу? Сачанка.

3. Ісці, зварочваючы ў бакі, часта мяняючы напрамак руху; блукаць. Пятнаццаць дзён мы кружылі бясконцымі дарогамі па пярэстых і залатых лясах, па карчэўю балот, па зжатых і сумных палях, дзе на іржэўніку завівалася павуціна і пражэрліва крычала вараннё. Каваль. Лявонка пабег на голас. Доўга кружыў па сцяжынках, прабіраўся праз густы бярэзнік. Шуцько.

4. Узнімаць снег, пыл, месці (пра мяцеліцу, завіруху і пад.). На двары кружыла мяцеліца. Галавач.

•••

Кружыць галаву — а) выклікаць галавакружэнне. Кружылі мядовым водарам галаву ліпы. Васілевіч; б) перан. пазбаўляць магчымасці разважаць, аб’ектыўна адносіцца да навакольнага. Поспех кружыць галаву.

кружэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. кружыць і стан паводле знач. дзеясл. кружыцца. Кружэнне ў галаве.

круі́з, ‑а, м.

Падарожжа па вадзе, звычайна марское.

[Англ. cruise.]

круі́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да круіза, прызначаны для яго. Круізнае судна. Круізны рэйс.

крук, ‑а, м.

1. Род вялікага цвіка, драўлянага ці металічнага, з загнутым тупым канцом. Убіць крук у сцяну. Зняць з крука шапку. □ Бацька павесіў на крук дубальтоўку і, пакульгваючы, падышоў да вешалкі. Чарнышэвіч. Рыгор моўчкі здзеў гарнітур і далікатна павесіў яго на сцяне, на драўляным круку. Гартны. // звычайна мн. (крукі́, ‑оў). Цвікі падобнай формы, якія ўбіваюць у вушак для навешвання дзвярэй, варот. Хаты стаялі з павыбі[ван]ымі вокнамі і знятымі з крукоў .. дзвярамі. Чорны.

2. Прыстасаванне для падчэплівання і перамяшчэння грузаў: кароткі металічны прут, загнуты на адным канцы і прымацаваны другім канцом да каната, вяроўкі і пад. А яны — Ліда Палігоша, Надзя Ханкевіч і Зіна Кулянок — падчапілі ўжо форму да крука аўтакрана. «Маладосць».

3. Дзвярная зашчапка ў форме загнутага на канцы металічнага прута, які накідваецца на прабой. Банадысь рвануў дзверы, зачыніў пуню і ўзяў дзверы на крук. Чорны. У калідоры пачуліся крокі, і .. [Павел] адшчапіў крук. Чарнышэвіч.

4. Металічнае вастрыё з загнутым канцом, асаджанае на шост, палку, якое служыць для падчэплівання, перацягвання чаго‑н. Міша дапамагаў хлопцам расцягваць крукамі палаючыя асмалкі сцен. Арочка. // Двухзубыя вілы з загнутымі пад прамым вуглом канцамі для скопвання гною з воза. Скідаць гной крукам. // Разм. Завостраная палка з суком для выскубвання сена, саломы са стога.

5. Лішняя адлегласць пры хадзьбе кружным шляхам. І часта ў добрую пагоду Ідзе Міхал дамоў з абходу, І хоць чуваць, што ныюць ногі, Але зварочвае з дарогі І робіць крук, бо як стрымацца, Каб не зайсці палюбавацца І ярыною і жытамі? Колас.

•••

Гнуцца крукам; гнуцца ў крук гл. гнуцца.

Гнуць у крук (безас.) гл. гнуць.

Крукам галавы (носа) не дастаць гл. дастаць.

Сядзець крукам гл. сядзець.

Крукам стаяць (вісець) над кім-чым гл. стаяць.

кру́кам, прысл.

У сагнутым стане, нагадваючы крук. Крукам выгнуўшы спіну, [чалавек] з-пад ног вырывае камень і кідае ў камяніцу. Скрыган.