Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

грудкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты грудай, грудкамі, няроўны. З-за вёскі даляцелі людскія галасы і грукат колаў па сухой грудкаватай дарозе: відаць, калгаснікі .. вярталіся ўжо з копкі бульбы. Хадкевіч.

гру́дкі, ‑дак; адз. няма.

Памянш.-ласк. да грудзі (у 1, 2 знач.).

грудні́ца, ‑ы, ж.

Запаленне грудных залез.

грудны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да грудзей (у 1 знач.). Грудныя пазванкі. Грудны боль.

2. Які корміцца малаком маткі. Грудное дзіця.

•••

Грудная жаба гл. жаба.

Грудная клетка гл. клетка.

грудо́к, ‑дка, м.

Памянш. да груд.

гру́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад грузіць.

2. у знач. прым. З грузам, нагружаны. І Гусоўскі ніколі не мінае будкі, калі едзе, гружаны, з лесу. Навуменка.

груз, ‑у, м.

1. Цяжар, вага. Самалёт падскочыў, вызваліўшыся ад грузу скінутых бомбаў. Шамякін. // Цяжкі прадмет. Начапіць груз на леску. // перан.; чаго. Тое, што гняце, мучыць. І людзі выпростваюць плечы, Скідаюць нявольніцтва груз. Астрэйка.

2. Тавары, паклажа, прызначаныя для перавозкі. Сям-там на пуцях стаялі.. платформы з лесам ды з іншымі грузамі. Лынькоў. Неўзабаве ўвесь нарыхтаваны груз быў перанесены на сані. М. Ткачоў.

•••

Мёртвы груз — пра матэрыяльныя каштоўнасці, якія ляжаць без выкарыстоўвання. Золата мёртвым грузам ляжыць у зямлі. Чорны.

грузаабарача́льнасць, ‑і, ж.

Здольнасць якога‑н. віду транспарту перавозіць пэўную колькасць грузаў за пэўны час.

грузаабаро́т, ‑у, М ‑роце, м.

Колькасць грузаў, перавезеных транспартам за пэўны час. Грузаабарот чыгунак. Грузаабарот рачнога флоту. Унутраны грузаабарот. Рост грузаабароту.

грузаадпра́ўшчык, ‑а, м.

Той, хто адпраўляе груз.