кру́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае форму круга, шара, кола, цыліндра або падобны да іх па форме. Круглае бервяно. Круглы стол. Круглы мячык. □ Над табою месяц круглы У ясным небе ціха плыў. Колас. // Тоўсты, сыты, поўны (пра чалавека, яго фігуру, твар). Шарсцяны світэр шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы. Мележ.
2. У спалучэнні са словамі «год», «дзень», «суткі» абазначае: увесь, цэлы. Волеччын голас, калі яна паганяла каня, чуўся па полі круглы дзень. Чорны. Брыгады гэтыя працуюць круглыя суткі. Кулакоўскі.
3. Разм. Поўны, абсалютны. Круглы выдатны. Круглая сірата. // У спалучэнні са словам «дурань» абазначае: абсалютны, закончаны. Толькі круглы дурань, хіба, прачытаўшы гэты ліст, не ведаў бы, што рабіць. Самуйлёнак.
•••
Круглыя лічбы гл. лічба.
Круглыя дужкі гл. дужка.
За круглым сталом гл. стол.
Круглая сума гл. сума.
кругля́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць круглявага. Круглявасць формы.
кругля́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Круглаваты, акруглены. Ніна зняла расшыты кажушок, скінула касынку; яе круглявы твар з кірпатым носікам і вялікімі цёмна-блакітнымі вачамі стаў яшчэ больш прыгожы. Шчарбатаў.
кругля́к, ‑а, м.
1. Абрубак дрэва, кароткае тоўстае палена акруглай формы. Парэзаць бервяно на круглякі. □ Падбліжалася грамада рабочых, якія цягнулі на кругляках здаровую роўную хваіну. Гартны.
2. зб. Нячэсанае круглае бярвенне як будаўнічы матэрыял. На хутары стаялі чатыры прасторныя хаты, пуні і гумны з тоўстага кругляка. Грахоўскі. Побач.. здаровая, вялікая хата з смольнага кругляка. Чорны.
3. Разм. Пра тоўстага, круглага чалавека. Але гэта яшчэ дзед быў! Ружовы, белабароды кругляк. Ракітны.
круглячо́к, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да кругляк; невялікі кругляк.
круго́м, прысл. і прыназ.
1. прысл. Навокал, з усіх бакоў. Я паглядзеў кругом — нідзе нікога не відаць. Якімовіч. За вёскай — лугі, пералескі, Бяскрайняе поле кругом. Аўрамчык. // Разм. Усюды, ва ўсіх месцах. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.
2. прысл. Робячы кругавы рух, апісваючы круг. Колькі раз з неўміручаю марай Крэмль спрадвечны абходзіш кругом. Броўка. // круго́м! Ваенная каманда, па якой робіцца паварот на 180°.
3. прысл. Разм. Зусім, поўнасцю. Бывае, што кругом мярзотнік вінаваты, Але выносіць не жадае смецце з хаты. Корбан.
4. прыназ. з Р. Вакол чаго‑н. Абысці кругом хаты.
•••
Абвесці кругом пальца гл. абвесці.
кружа́ла, ‑а, н.
У будаўніцтве — драўляная або металічная дуга, на якой кладуць скляпенне, арку і пад.
кружко́м, прысл.
Разм. Невялікім кругам, утвараючы невялікі круг. Пасля вячэры распалілі касцёр, паселі кружком пад соснамі. Навуменка.