груганяня́ і груганянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Птушаня гругана.
груд, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Невялікая горка, узгорак. У лесе неяк адразу павесялела, а на пясчаных грудах зноў заззяў верас. С. Александровіч. Пры шумнай рацэ, на пакацістым грудзе, Паставілі Ноўгарад Рускія людзі. Лужанін.
2. Сухая сенажаць, сухадол. З гэтага боку мястэчка пачыналіся паплавы, найбольш груд, а месцам прыбалочаныя. Чорны.
3. Тое, што і груда (у 1 знач.). З двух грузавікоў у вялікі груд згружаюць цэглу. Шамякін.
4. Абл. Куча галля, хворасту; лоўж. Пад зацішным кустом або ў грудзе ламачча вывела на свет першы вывадак даўгавухая рыжая зайчыха. «Звязда».
гру́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Куча зваленых у беспарадку прадметаў, рэчаў. Груды развалін. □ Быццам вузей стала вуліца, заваленая грудамі бярвення. Васілевіч. Цёмнай грудай.. ляжалі непатрэбныя гаспадарчыя прылады. Самуйлёнак.
2. Замёрзлая, засохлая гразь. Ехалі ж мы яшчэ на калёсах, па замёрзлай грудзе. Гарэцкі.
3. Глыба, кусок чаго‑н. цвёрдага, звычайна зямлі. Затарахцелі, забрынчэлі пабітыя калёсы, падскокваючы на мёрзлых грудах. Шамякін. Збіваючы да крыві аб каменне і груды босыя ногі, бяжыць цыбаты Гараська Бусел. Сачанка.
грудабру́шны, ‑ая, ‑ае.
Які раздзяляе грудную і брушную поласці (пра перапону, дыяфрагму).
груда́сты, ‑ая, ‑ае.
Разм. З вялікімі, шырокімі грудзямі. Тарпак быў здаравенны, грудасты, шыракаплечы, і яго «пярэпалахі» выклікалі агульны смех. Колас. // Паўнагрудая (пра жанчыну). Здаровая дзеўка была, грудастая такая. Скрыган.
гру́дзі, ‑ей; адз. няма.
1. Пярэдняя частка тулава ад шыі да жывата. Зашпіліць вопратку на грудзях. □ І тут Марына не ўтрымала — Ды гэта ж ён! ды гэта ж брат! На грудзі брату тварам пала. — Ігнатка! брацік мой Ігнат... Колас. // Частка тулава, у якой змяшчаюцца сэрца, лёгкія і інш. органы грудной клеткі. Дыхаць на поўныя грудзі. □ І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў.
2. Малочныя залозы ў жанчыны. Малая адрывалася ад пустых грудзей і крычала, ёй хацелася есці. Шамякін.
3. Разм. Верхняя пярэдняя частка адзення. Кашуля з вышыванымі грудзьмі.
•••
Біць (сябе) у грудзі гл. біць.
Грудзьмі пралажыць (пракласці) сабе дарогу гл. пралажыць.
Дыхнуць на поўныя грудзі гл. дыхнуць.
Прыгрэць змяю (гадзюку) на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.
грудзі́на, ‑ы, ж.
1. Грудная косць, з якой злучаны пярэднія канцы грудных рабрын і часткі плечавога пояса.
2. Верхняя пярэдняя частка вопраткі, якая прыкрывае грудзі. Грудзіна ў рубашцы расшпілілася, і з-пад яе свеціць голае цела. Баранавых.
грудзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Мяса з грудной часткі тушы.
гру́дзіцца, ‑дзіцца; незак.
Разм. Размяшчацца грудай, кучай. [Мяшкі] грудзіліся адзін на другім, нібы кінутыя да часу. Пестрак. // Збірацца ў шчыльны натоўп; скучвацца. Вакол стала грудзілася з дзесятак чалавек, якія запісвалі свае мандаты. Гартны.
гру́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Памянш. да груда (у 1, 3 знач.). Асобна ўзвышаліся грудкі шруб, раскладзеных па калібрах, ляжалі паіржавелыя цвікі. Гурскі.