Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сінагага́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сінагогі; адбываецца ў сінагозе. Сінагагальны стараста. Сінагагальны двор.

сінаго́га, ‑і, ДМ ‑гозе, ж.

Яўрэйскі малітоўны дом. Мала хто з яўрэяў разумеў словы, якія гаварыў [Моська] богу ў сінагозе ці дома. Корбан. Тут [у мястэчку] ёсць цагляная лазня, царква св. Магдалены, два млыны, дзве школы, сінагога, касцёл і камяніца Базыля Трайчанскага. Колас.

[Ад грэч. synagōgē — сход.]

сінады́чны, ‑ая, ‑ае.

У астраноміі — які мае адносіны да бачнага на небе размяшчэння нябесных цел адносна Сонца ці адносна адзін аднаго.

[Ад грэч. synodos — спалучэнне, збліжэнне.]

сінакса́р, ‑а, м.

У старажытнай царкоўнай літаратуры — збор жыцій святых.

сінакса́рый, ‑ыя, м.

Тое, што і сінаксар.

[Грэч. synaksarion — збор.]

сіналагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сіналогіі, сінолага. Сіналагічныя даследаванні.

сінало́гія, ‑і, ж.

Сукупнасць грамадскіх навук, якія вывучаюць гісторыю, эканоміку, мовы, літаратуру і культуру Кітая; кітаязнаўства.

[Ад лац. Sina — Кітай і грэч. lógos — вучэнне.]

сінані́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

1. Сукупнасць сінонімаў якой‑н. мовы. Стараславянская мова выпрацавала даволі багатую сіпаніміку, шырокаразгалінаваную сістэму сэнсавых адценняў. Шакун.

2. Аддзел лексікалогіі, які вывучае сінонімы.

сінанімі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сінанімічнага. Сінанімічнасць тэрмінаў.

сінанімі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сіноніма; з’яўляецца сінонімам. Сінанімічныя словазлучэнні. Сінанімічны рад. □ Багаты лексікаграфічны матэрыял складаюць сінанімічныя замены цяжкіх для разумення слоў у царкоўнаславянскіх тэкстах. Суднік.