Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Разм. Есці вадкую страву, прысмоктваючы. [Дзеці], завіхаючыся, сёрбалі, і гэта... [Ганну] цешыла, — раней ёй заўсёды прыходзілася ўгаворваць сына есці, расказваць яму казкі. Гурскі. Уладзік клаў лыжку і хацеў вылазіць з-за стала, але бацька кідаў такі выразны позірк, што нехаця будзеш сядзець і сёрбаць зацірку... С. Александровіч.

2. Піць, прысмоктваючы. Віцька, нагінаючыся над сталом, сёрбаў са сподачка чай, раз-пораз шморгаючы кірпатым носам. Асіпенка. Мараканцы ў кафэ гучна сёрбаюць мятны чай і прыцмокваюць з вялікім задавальненнем. В. Вольскі.

3. Піць невялікімі глыткамі час ад часу. Хросны не піў, а патроху сёрбаў з конаўкі саматужную гарэліцу. Асіпенка.

4. Утвараць у час яды характэрныя гукі сёрбання. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі. Тацянка ўмее трымаць кубачак і не сёрбае так, як Марынка. Юрэвіч.

сёрбнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм. Тое, што і сербануць.

сі 1, нескл., н.

У музыцы — сёмы гук музычнай гамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук.

[Іт. si.]

сі 2, нескл., ж.

Скарочаная назва Міжнароднай сістэмы адзінак.

сібары́т, ‑а, М ‑рыце, м.

Неадабр. Распешчаны, раздураны раскошаю чалавек.

[Грэч. sybarítēs.]

сібары́тка, ‑і, ДМ ‑там; Р мн. ‑так; ж.

Неадабр. Жан. да сібарыт.

сібары́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Неадабр. Весці жыццё, уласцівае сібарыту. «А ўставаць няма чаго спяшацца», — вырашыў ён [Венькя] і хацеў змоў захутацца ў коўдру з галавой, затаіцца, але ў спальню ўвайшла бабуля і рашуча загадала: — Годзе сібарытнічаць... Уставай. Шыловіч.

сібары́цкі, ‑ая, ‑ае.

Неадабр. Уласцівы сібарыту; такі, як у сібарыта. Сібарыцкае жыццё.

сібары́цтва, ‑а, н.

Неадабр. Характар жыцця, правядзенне часу, уласцівыя сібарыту.

сібе́рна,

Разм.

1. Прысл. да сіберны.

2. безас. у знач. вык. Пра халодную пагоду з рэзкім ветрам. Сіберна так, а [дзяўчына] як бы і не заўважае холаду — не спяшаецца. Марціновіч.

сібе́рны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Крайне суровы; бязлітасны, жорсткі. Сіберны чалавек. Сіберны характар. □ Бялявыя вусы з рыжым адлівам былі заядла падкручаны. Ён сіберным вокам ласкавага бацькі акідаў адданы пад яго апеку і ахову горад: ці няма дзе чаго крамольнага або проста непатрэбнага. Караткевіч.

2. Вельмі моцны, рэзкі, люты (пра вецер, мароз і пад.). Сіберны мароз. □ Быў сіберны холад, і людзі часта прыбягалі пагрэцца ў кацельную. Лынькоў. Не магу я, кволая дзяўчына, Сцюжай гэтакай ісці палямі Над сібернымі вятрамі. Зарыцкі.