Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

харо́шы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Прыгожы, прывабны. Вельмі харошага жаніха.. дачцэ [Лопаніхі] ўжо не шукаць, а гэты хоць і дохленькі, крываногі, ды ўсё ж — гаспадар. Кулакоўскі. Прыбяры пень, дык і пень будзе харошы. Прымаўка.

2. Які вызначаецца станоўчымі маральнымі, душэўнымі якасцямі. Харошы.. [Сымон Пятровіч] мужык, справядлівы... Грахоўскі. Харошы салдат ехаў з намі. Такі не толькі плашч-палатку аддасць, а калі трэба, то і сабою заслоніць. Хомчанка.

3. Добры, высакаякасны. Гэты невялікі рэстаран быў трэцяга разраду. Тут падавалі селядцы з бульбай, харошы капусны боршч з мясам, бульбяныя, грыбныя супы, гарохавы, фасолевы, грэцкую кашу. Пестрак. Харошы быў крук, моцны. Лынькоў. // Які прыносіць задавальненне; прыемны. [Гарлахвацкі:] Такія ўсякія харошыя ідэі прыходзяць у галаву, так лёгка працуецца. Крапіва. Маладыя, родныя, харошыя, Не крычыце пад маім акном У той час, як госцяю няпрошанай Узыходзіць поўня над сялом. Жычка.

4. (у сяброўскім звароце). Дарагі, любы, мілы. Мой харошы, мой саколік, Сэрца тваё чую. Абніму і, як ніколі, Моцна пацалую. А. Александровіч. — Другая рэч, Антось харошы: Таксама трэба мець і грошы, — Міхал прамовіў ціхім басам. Колас. — Добра, — засмяялася маці. — Памочнік ты мой харошы! Даніленка.

ха́ртыя, ‑і, ж.

1. Старадаўні рукапіс, а таксама матэрыял (звычайна папірус або пергамент), на якім ён напісаны.

2. У сярэднія вякі — дакумент, грамата, што давала або пацвярджала якія‑н. правы і вольнасці. Вялікая хартыя вольнасцей.

3. Кніжн. Назва дакументаў важнага грамадска-палітычнага значэння. Раскрыты старонкі праўдзівых законаў, Якія наш прадзед спрадвеку шукаў. Праменныя літары ззяюць іх сёння Славутаю хартыяй ленінскіх спраў. Хведаровіч.

[Лац. chárta ад грэч. chártēs — папера, грамата.]

хару́гва, ‑ы, ж.

1. Уст. Баявы сцяг войска. А вецер калыша харугвы палкоў ды чэша барады маскоўскіх паслаў. Вялюгін.

2. Царкоўны сцяг. часцей палотнішча на доўгім дрэўку з вобразамі святых, якое носяць у час рэлігійных свят. Цэлы сінкліт папоў, панаехаўшых сюды нагадавое свята з навакольных парафій, уваходзіў у царкву, за імі.. неслі абразы і харугвы. Машара.

[Ад манг. аронга — знак, сцяг.]

хару́нжы, ‑ага, м.

Гіст.

1. Сцяганосец у войску.

2. Малодшы афіцэрскі чын у казацкім войску. // Асоба, якая мела такі чын.

[Польск. chorąży.]

харч, ‑у, м.

1. Тое, што спажываюць, чым жывяцца. — Мама! Ну што ты кажаш? — дакорліва сказала Даша і хуценька пачала збіраць харч у дарогу. Асіпенка. З харчам было неяк прасцей. Бульба ў хаце ўсё-такі не зводзілася. Навуменка. // Прыгатаваная страва. — Гэй, хлопцы! Пад’ём! — гукнуў Мікола. — Харч прыехаў! Даніленка. // звычайна мн. (харчы́, о́ў). Прыпасы ежы. [Цыпручыха:] — У яго ж ні капейкі няма з сабою, а харчоў узяў усяго на два дні. Бядуля. — Нешта змізарнеў ты тут, сынку, на гарадскіх харчах. Шчарбатаў.

2. Корм для жывёлы. [Дзед:] — Малако ж вы любіце, дык павінны клапаціцца і пра харч каровам на зіму. Рылько.

3. Тое, што і харчаванне (у 3 знач.). Посны харч. □ [Астап:] — Я спытаць цябе хачу: чаму гэта ты схуднеў так? Ці гэта ад харчу? Лынькоў.

4. перан. Тое, што з’яўляецца крыніцай роздуму, разважанняў. [Шыковіч:] — Ну, брат, даў ты харч майму склератычнаму мозгу. Шамякін.

•••

На сваіх харчах — харчавацца за свой кошт.

На харчах святога Антонія — недаядаючы. галадаючы.

Харчы пераводзіць — а) спажываць ежу, якая не ідзе на карысць; б) марна траціць сродкі на што‑н.

[Араб.]

харч...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: а) слову «харчовы» (у 3 знач.), напрыклад: харчбаза, харчпункт, харчатрад; б) словам «харч», «харчовы» (у 1, 2 знач.), напрыклад: харчкамбінат.

харча...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «харчовы» (у 1, 2 знач.), напрыклад: харчаблок, харчатрэст.

харчава́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для харчавання. Харчавальны пункт.

харчава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. харчавацца і харчаваць.

2. Паступленне і засваенне пажыўных рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці жывога арганізма.

3. Тое, чым хто‑н. харчуецца; характар, якасць ежы. Дыетычнае харчаванне. □ Жывуць яны багата, бо як ні кажы, а харчаванне амаль нічога не каштуе, і Зося не пакрыўджана. Лупсякоў.

4. Прыпасы прадуктаў. Сяляне дзяліліся з народнымі мсціўцамі харчаваннем, адзеннем. «Звязда». [Доктар:] — Ён [Янка] і яшчэ двое юнакоў састаў з харчаваннем прывезлі ў Маскву. П. Ткачоў.

•••

Грамадскае харчаванне — сістэма забеспячэння насельніцтва харчаваннем праз сталовыя, рэстараны, закусачныя і пад.

харчава́цца, ‑чуюся, ‑чуешся, ‑чуецца; незак.

1. Задавальняць патрэбу арганізма ў ежы; есці. Харчавацца малочнай ежай. □ Пакуль падрасла бульба, [Нямко] харчаваўся ягадамі і тым, што прыносілі яму з вёскі, а потым пачаў капаць скараспелку. Кулакоўскі. // Карміцца, жывіцца (пра жывёл). Харчуецца андатра галоўным чынам расліннай ежай, у меншай ступені — жывёльнай. «Весці».

2. Сталавацца дзе‑н. Харчавацца ў сталовай. □ І Адам астаўся адзін. Цяпер ён харчаваўся разам з адзінокімі парабкамі ў агульнай харчэўні, і гэта атручвала яго жыццё. Чарнышэвіч. [Дзяўчына] жыла ў інтэрнаце, харчавалася самастойна. Брыль.