Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэра́са, ‑ы, ж.

1. Гарызантальная або некалькі нахіленая пляцоўка, якая ўтварае ўступ, часам зробленая штучна (для пракладкі дарог, стварэння архітэктурнага ансамбля і пад.). Там, дзе выразна выступае высокая пясчаная рачная тэраса, пралягае паласа сасновых бароў. Гавеман.

2. звычайна мн. (тэра́сы, ‑рас). Спец. Гарызантальныя або некалькі нахіленыя ўступы паверхні зямлі (на схілах гор, рачных далін і на ўзбярэжжы азёр і мораў), размешчаныя адзін над адным. [Балотаўтварэнне] шырока распаўсюдзілася на згладжаныя бяссточныя водападзелы і надпоймавыя тэрасы. «Беларусь». Дрэмле Ялта, па крутых тэрасах Льецца вішань белы вадаспад. Танк. Рачныя даліны ў нізінах даволі шырокія і маюць тэрасы. Прырода Беларусі.

3. у знач. прысл. тэра́самі. У выглядзе ўступаў, прыступкаў, размешчаных адзін над адным. Насупраць бальніцы, на схіле ўзгорка, быў разбіты малады парк, што тэрасамі спускаўся да Першамайскай вуліцы. Карпаў. У сярэдзіне гары тэрасамі — адзін над другім — павінны былі прайсці тры тунелі. Даніленка.

4. Летняя прыбудова да дома ў выглядзе пляцоўкі са страхой на слупах. З тэрасы кафэ, куды мы падняліся па прыступках, адкрываецца цудоўны від па Карфагенскі заліў. В. Вольскі. Спіны ў хлопцаў блішчаць, і .. [Антон] вядзе сваіх сыноў за рукі да хаты, і ўзыходзіць на тэрасу, дзе ўжо накрыты стол, і на стале іх чакае сняданак, і Тося разлівае па кеартах малако... Савіцкі.

[Фр. terrasse.]

тэрасава́нне, ‑я, н.

Спец. Штучнае змяненне натуральных схілаў гор, узгоркаў, далін рэк і азёр для лепшага выкарыстання іх пад сельскагаспадарчыя і лясныя культуры.

тэрасава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад тэрасаваць.

тэрасава́цца, ‑суецца; незак.

Зал. да тэрасаваць.

тэрасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак. і незак., што.

Спец. Зрабіць (рабіць) тэрасаванне. Тэрасаваць схілы гор.

тэра́ска, ‑і, ДМ ‑расцы; Р мн. ‑сак; ж.

Памянш.-ласк. да тэраса (у 1, 4 знач.). Вяргіні і мальвы захінулі ўвесь падмурак, і таму здавалася, што сам дамок з вастраверхім дахам і зашклёнай тэраскай нібыта стаіць на кветках. Савіцкі.

тэраталагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да тэраталогіі. Тэраталагічныя з’явы.

тэратало́гія, ‑і, ж.

Спец. Раздзелы медыцыны, заалогіі і батанікі, якія вывучаюць анамаліі, заганы развіцця і выродлівасці чалавека, жывёл і раслін. Параўнальная тэраталогія.

[Ад грэч. teras, teratos — пачвара і logos — вучэнне.]

тэрато́ма, ‑ы, ж.

Спец. Дабраякасная пухліна, якая з’яўляецца вынікам парушэння эмбрыянальнага развіцця.

[Ад грэч. teras, teratos — пачвара і ‑ōma — пухліна.]

тэ́рбій, ‑ю, м.

Спец. Рэдказямельны элемент, які складаецца з аднаго ўстойлівага ізатопа.

[Ад геагр. назвы.]