Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэ́панне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тэпаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Да фінішу заставалася не больш ста метраў, калі я пачуў ззаду тэпанне босых ног. Пінчук.

тэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ісці, робячы частыя крокі. За .. [Сцяпанам], на пэўнай адлегласці, трымаючы перад сабой белы клуначак з харчамі, дробна тэпала старэнькая Сцяпанава маці. Ракітны. // Уходжвацца з якой‑н. работай; тупаць. [Аня] выйгравала ў часе — пакуль тэпала ў калідоры і кухні Мар’я Андрэеўна. Хадановіч.

2. Ісці, хадзіць наогул. Міця з бацькам выйшлі на парог і доўга стаялі, пазіраючы на чорны шлях, па якім тэпала шэсць няўклюдных фігур. Навуменка. [Незнаёмы:] — Тады давай пайшлі. Бо нам яшчэ тэпаць ды тэпаць. Карпюк.

3. Хадзіць няўпэўнена, пачынаць хадзіць (пра дзяцей). Аднаго разу .. [Галя] паставіла Вадзімку на ножкі, адпусціла рукі, трошкі адышлася, прысела .. і папрасіла: — Вадзічак, хлопчык мой, тэпай да мяне... Сабаленка. Дома пачынаў тэпаць ад крэсла да канапы яшчэ адзін наследнік — Станіслаў. Мехаў.

тэ́пці, ‑яў; адз. тэпаць, ‑пця, м.

Разм. Від лёгкага хатняга абутку, часцей дзіцячага.