Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэна́кль, ‑я, м.

Падстаўка для ўмацавання старонкі рукапісу на друкарскай касе ў час набору.

[Ням. Tenakel.]

тэ́нар, ‑а, м.

1. Самы высокі мужчынскі голас. Лірычны тэнар. Драматычны тэнар. □ І набірае сілы песня, і нечы юначы тэнар ужо імкне ўгору, вядзе яе, звонкую, галасістую. Хадкевіч. І звінеў задорны тэнар, плылі ўслед за ім лагодныя мары. Ваданосаў. // Спявак, які мае такі голас. Міша сказаў, тэатральным жэстам выкінуўшы ў бок Альберта руку: — Прашу мець на ўвазе — лірычны тэнар. Ярашэвіч.

2. Духавы музычны інструмент, які ўваходзіць у склад духавога аркестра.

[Іт. tenore.]

тэнарды́т, ‑у, М ‑дыце, м.

Мінерал горка-салёнага смаку, які лёгка раствараецца ў вадзе і выкарыстоўваецца ў якасці сыравіны для содавай, шкляной і некаторых іншых галін прамысловасці.

[Ад уласн. імя.]

тэнаро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тапара (у 1 знач.). Тэнаровыя ноты. // Прызначаны для тэнара, які выконваецца тэнарам. Тэнаровая партыя. Тэнаровая арыя.

2. Які мае адносіны да тэнара (у 2 знач.).

тэнаро́к, ‑рка, м.

Разм. Не асабліва моцны мужчынскі голас высокага тэмбру. Але Асмалоўскі зрабіў выгляд, што гэтыя папрокі яго не тычацца, і зноў загаварыў тонкім тэнарком: — От я і кажу, што так далей працаваць нельга. Сіўцоў.

тэндэнцы́йнасць, ‑і, ж.

1. Наяўнасць якой‑н. ідэі, тэндэнцыі ў мастацкім, публіцыстычным і пад. творы; ідэйная накіраванасць. З усіх прамоў дэпутатаў думы .. [Лабановіч] выбіраў усё найболей выдатнае і найболей прагрэсіўнае і толькі так сабе, мімаходам, упамінаў аб выступленнях правых і рэакцыйных дэпутатаў, каб не кідалася ў вочы царскім чыноўнікам тэндэнцыйнасць газеты. Колас. Гаворачы пра тэндэнцыйнасць творчасці таго ці іншага мастака, Маркс і Энгельс разумелі пад ёю перш за ўсё свядомую накіраванасць яго поглядаў. «Маладосць».

2. Наяўнасць тэндэнцыі (у 4 знач.) у творы мастацтва; прамалінейнасць, якая не атрымала пацвярджэння і апраўдання ў самім змесце твора. Абмалёўваючы вобраз пана,.. [Я. Колас] не баіцца тэндэнцыйнасці, шаржу, свядома завастраючы адмоўнае. Навуменка. // Прадузятасць, неаб’ектыўнасць у чым‑н. Тэндэнцыйнасць асвятлення падзей.

тэндэнцы́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які праводзіць пэўную тэндэнцыю (у 2 знач.); ідэйна накіраваны, ідэйны. Для Маякоўскага сапраўдным паэтычным тварам з’яўляецца твор .. глыбока тэндэнцыйны, мэтанакіраваны і востры. «Беларусь». // Які стварае мэтанакіраваныя і ідэйна насычаны творы. Пісьменнік сацыяльна тэндэнцыйны і эстэтычна ўзброены, Васіль Вітка дзейнічае, аднак, не лозунгам, не дэкларацыяй, не аголеныя правілам маралі, а імкнецца яскравым вобразам разварушыць свядомасць чытача. Юрэвіч.

2. Які заключае тэндэнцыю (у 4 знач.), прадузятую ідэю, якая не вынікае са зместу, а навязваецца. // Прадузяты, неаб’ектыўны. Тэндэнцыйнае асвятленне падзей. Тэндэнцыйны падыход да тэмы. □ [Мароз:] — Я, я, вось пагэтаму я і хачу сказаць, што гэта абвінавачанне тэндэнцыйнае, няправільнае. Лобан.

тэндэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Напрамак, у якім адбываецца развіццё чаго‑н. (грамадства, эканомікі, культуры і пад.). Асноўная і галоўная тэндэнцыя капіталізму заключаецца ў выцясненні дробнай вытворчасці буйной, і ў прамысловасці і ў земляробстве. Ленін. // Ідэалагічны напрамак, цячэнне ў палітыцы, навуцы, мастацтве і пад. Аднак пасля смерці Ф. Энгельса, з надыходам эпохі імперыялізму ў дзейнасці II Інтэрнацыянала ўзмацняюцца апартуністычныя тэндэнцыі. «Звязда». Беларуская літаратура адчула на сабе і плённы ўплыў братняй украінскай літаратуры, таксама вельмі багатай дэмакратычнымі тэндэнцыямі. «Полымя».

2. Імкненні, намеры, уласцівыя каму‑, чаму‑н.; погляды, прынцыпы. «Дарагое маё», «Светлае», «Сапраўднае» — гэтыя вершы, як і паэтызацыя Праўды, вечных тэм жыцця і смерці, кахання і прыроды, ярка выявілі характэрную для С. Дзяргая тэндэнцыю паэтызаваць галоўныя вартасці жыцця, быцця чалавека. Лойка. // Схільнасць, уласцівасць. [Васіль:] — У цябе, Міхей Пятровіч, тэндэнцыя к зазнайству. Шамякін. У Вукатага гэта і раней было: толькі сабе каб добра, а людзям і абсеўкі, маўляў, можна. Вось за гэтую тэндэнцыю Валько яму лазінку і заламаў. Савіцкі.

3. Асноўная думка, ідэя, накіраванасць навуковага, мастацкага і пад. твора, выказвання і пад. Тэндэнцыя трылогіі Я. Коласа «На ростанях».

4. Прадузятая, аднабаковая думка, якая праводзіцца, навязваецца (чытачу, слухачу і пад.), але не выцякае з сутнасці справы або з развіцця мастацкага вобраза. П’еса з тэндэнцыяй.

[Лац. tendentia — накіраванасць.]

тэ́ндэр, ‑а, м.

1. Счэплены з паравозам спецыяльны вагон, дзе знаходзяцца запасы вугалю і вады. [Чмаруцька:] — У мае часы і вугалю было малавата, паравозы хадзілі на дрывах. Пакуль накладзеш тэндэр, дык рукі аж смыляць ад гэтых плах. Лынькоў.

2. Невялікае аднамачтавае паруснае судна з косымі парусамі.

[Англ. tender.]

тэ́ндэрны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэндэра. Тэндэрны тормаз. □ Ну як тут уцерпець Міколку ды не падсесці ззаду на тэндэрную падножку. Лынькоў.