Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

грот 1, ‑а, М гроце, м.

Штучная або прыродная пячора. Абследаваць грот.

[Іт. grotta.]

грот 2, ‑а, М гроце, м.

Ніжні парус на грот-мачце.

•••

Грот-мачта — сярэдняя, самая высокая мачта на парусных і вёсельных суднах.

[Ад гал. groot— вялікі.]

гро́хат, ‑а, М ‑хаце, м.

Вялікае рэшата для прасейвання сыпкіх матэрыялаў (збожжа, пяску, вугалю) і сарціроўкі іх па велічыні. // Машына з рашотамі, сітамі для такой самай мэты. Прапусціць мінеральныя ўгнаенні праз грохат.

грош, гроша; мн. грошы, ‑аў; м.

1. Даўнейшая медная манета (да 1838 г. двухкапеечная, а пасля паўкапеечная) у Расіі з 1657 да 1917 г. Хай грошай ні гроша, абы слава хароша. Прыказка. // зб. Грошы. І грош стаў лішні завадзіцца, Было што есці, чым акрыцца, І быў парадак, лад у хаце. Колас.

2. звычайна мн. (грашы́, ‑эй). Зусім нязначная сума грошай. Атрымаць грашы. Купіць за грашы.

3. Сучасная разменная манета ў Польскай Народнай Рэспубліцы, роўная 1/100 злотага, і ў Аўстрыі, роўная 1/100 шылінга.

•••

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Грош цана (у базарны дзень) каму-чаму гл. пана.

Ні за грош (капейку) — зусім дарэмна, без патрэбы (загінуць, прапасці і пад.).

Ні ў грош не ставіць гл. ставіць.

Уваткнуць (уставіць) свае тры грошы гл. уваткнуць.

гро́шы, ‑ай, Д грашам, Т грашамі; адз. няма.

1. Металічныя або папяровыя знакі, якія служаць мерай вартасці пры куплі-продажы. Папяровыя грошы. Размяняць грошы. □ Праўда даражэй за грошы. З нар.

2. Сродкі, капітал. Адпусціць грошы на будаўніцтва школ. □ І пайшоў дзед па рынку хадзіць; ходзіць, па сваіх грашах тавар выглядае. Колас.

•••

Кішэнныя грошы — грошы на дробныя расходы.

Грошы не пахнуць — не мае значэння, якім чынам грошы атрыманы.

Грэбці грошы лапатай гл. грэбці.

Кідаць грошы на вецер гл. кідаць.

Ні за якія грошы — ні за што, ні пры якой умове.

гро́шыкі, ‑каў; адз. няма.

Разм. Тое, што і грошы. Як дзень кароткі, прамінуў квартал, І у дырэктара спыталі: — Як з планам? Як вы працавалі? Навошта грошыкі выдаткавалі? Валасевіч.

гру́ба, ‑ы, ж.

Абл. Грубка. Сяджу ў пакоі каля цёплай грубы. Караткевіч. У зачыненай грубе датлявае крамяны жар. Брыль.

грубава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць грубаватага. Грубаватасць выказвання.

грубава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Трохі грубы. Грубаваты голас. □ Дзедам старога называла ўся брыгада, і ў гэтай назве была нейкая пяшчотнасць, грубаватая, змешаная з адценнем .. лёгкай маладой насмешкі і пашаны. Брыль.

гру́басць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць грубага. Грубасць сукна. Грубасць паводзін.

2. Грубае слова, грубы ўчынак. Не гавары грубасцей. □ [Кірыл] падумаў і пра тое, што старой ён нарабіў шмат крыўднага за гэтыя дні, абражаў яе сваімі паводзінамі, грубасцю адказваў на яе радасць сустрэчы і цеплыню яе вачэй. Кавалёў.

грубасцяблі́сты, ‑ая, ‑ае.

Які мае тоўстае, грубае сцябло. Грубасцяблістыя расліны.