Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кро́ўны і (разм.) крэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які паходзіць ад адных продкаў; родны па крыві. Кроўная сястра. □ Была яшчэ Насцечка, былі яшчэ меншыя, кроўныя толькі па бацьку браты: Алесь, Міколка, Валодзя, Хведзя, але яны, апроч Алеся, нарадзіліся ўжо, калі я не жыў у Рагазіне. Сабаленка. / у знач. наз. кро́ўныя, ‑ых і крэ́ўныя, ‑ых. Навіны ўзбуджалі .. ў кожнага [салдата] жаданне паехаць дадому, пабачыць кроўных. Галавач. // Заснаваны на паходжанні ад адных сваякоў; сваяцкі. Кроўныя сувязі.

2. Надзвычай блізкі і важны, арганічна неабходны для каго‑н. Мужчыны доўга і дзелавіта, як кроўную справу, абмяркоўвалі ўсё: будаўніцтва заводаў, дарог, гарадоў. Брыль.

3. перан. Моцны, непарушны, заснаваны на агульнасці інтарэсаў. Кроўная сувязь з народам і яго вызваленчым рухам вызначыла глыбокую народнасць, рэалізм і рэвалюцыйную ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Івашын.

4. Разм. Уласнае, нажытае сваёй працай. А паўтары дзесяціны зямлі ва ўрочышчы «Навінкі» куплены, маўляў, Жуком за яго кроўныя грошы. Брыль.

•••

Кроўная крыўда гл. крыўда.

Кроўная помста гл. помста.

кро́хкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць крохкага. Крохкасць металаў. Крохкасць шкла.

кро́хкі, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка крышыцца, распадаецца на часткі; ломкі. Крохкі лёд. Крохкае дрэва. □ Вязалі снапы асцярожна: крохкая салома, калі моцна закручваць перавясла, ірвалася. Мележ.

кро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Ісці цвёрда і шырока ступаючы. Узяўшы вуду і лапату, На рэчку першым крочыць дзед. Непачаловіч. // Хадзіць, ісці размерным крокам. Шарэнгамі крочыць пяхота. Аўрамчык. Сёння ў першамайскай калоне горда крочаць побач былыя воіны і партызаны. «Звязда».

2. перан. Прасоўвацца, развівацца ў пэўным кірунку. Мы шляхам ленінскім ідзём, Ніколі з яснага не збочым, У нашых дзён маяк відзён, Наперад мужна крочым. Пушча. Камуністычныя ідэі шырока крочылі па ўсёй зямлі, не прызнаючы ніякай граніцы. Паслядовіч.

кро́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Маленькі кусочак, дробная часцінка чаго‑н. Хлебныя крошкі. □ Па абрусе растрэсены крошкі французскага торта. Баранавых. Разам з дымам Ходас суха сплюнуў з языка крошку горкага тытуню. Адамчык. // зб. Здробненая маса якога‑н. рэчыва. Тарфяная крошка. □ [За клумбай] — кветкавы дыван, перарэзаны чырвонай дарожкай з цаглянай крошкі. Шамякін.

2. Разм. Пра дзіця, маладую істоту. І нават крошка Соня І тая пахвалілася: — І я сама сягоння Вунь чыста як памылася! Шуцько.

3. у знач. прысл. кро́шку. Разм. Трошкі, нямнога. Яўсей гэтага коціка неяк палюбіў: то малака яму налье ў сподак, то мяса з баршчу падкіне крошку. Сабаленка.

•••

Да крошкі — поўнасцю, зусім (расходаваць, аддаць што‑н. і пад.).

І крошкі падабраць гл. падабраць.

Ні крошкі — ніколькі.

круг, ‑а, М крузе; мн. кругі, ‑оў; м.

1. Частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю. Вылічыць плошчу круга. // Шлях руху каго‑, чаго‑н., падобны на акружнасць. Бусел зрабіў некалькі кругоў над балотам, знізіўся і сеў. Дуброўскі. // Шлях аратага або сельскагаспадарчай машыны па ўсяму полю і назад да месца адпраўкі. Круг за кругам гракі ходзяць услед за трактарам. Бялевіч.

2. Круглы ўчастак якой‑н. паверхні. Правільны круг сажалкі абсаджаны маліннікам. Бядуля. // Такі ўчастак, абмежаваны замкнутым ланцужком людзей. [Хруцкі] выходзіў на цесны круг і так выбіваў барыню, што неўзабаве ў яго на спіне выступала потная пляма. Парахневіч.

3. Прадмет, падобны па форме да круга або кола. Выратавальны круг. □ [Шашура] палажыў на калені Крыўца булку хлеба і круг каўбас[ы]. Мележ. // Прыстасаванне спецыяльнага прызначэння ў выглядзе пляцоўкі круглай або авальнай формы. Паравозны круг. Ганчарны круг. // Замкнуты ланцужок людзей, размешчаных адзін каля аднаго. Стаць у круг. □ Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч. // Хвалі, якія разыходзяцца па акружнасці ад цэнтра. Кінеш камень, знікне ў вадзе, а кругі ідуць і заміраюць... Дубоўка.

4. перан.; чаго. Пра замкнуты ланцуг дзеянняў, спраў, працэсаў, якімі вычэрпваецца што‑н. Першы круг шахматнага турніра. // Пералік, аб’ём чаго‑н. Круг абавязкаў. Круг ведаў.

5. перан.; чаго. Тое, што і кола (у 6 знач.). Круг дзейнасці.

6. перан.; каго або які. Тое, што і кола (у 7 знач.). Увайшоў у дом, у круг сямейны, Як ўваходзяць сваякі. Пысін.

•••

Квадратура круга гл. квадратура.

Круг кровазвароту — замкнуты шлях руху крыві ў арганізме.

Палярны круг — паралель, якая праходзіць на 66″ 33′ ад экватара на Поўнач або на Поўдзень і лічыцца граніцай халоднага кліматычнага пояса.

Даць круг гл. даць.

Зрэзаць круг гл. зрэзаць.

Кругі пад вачамі ў каго — сінякі пад вачамі ў каго‑н. ад хваробы, стомы, бяссонніцы.

Кругі перад вачамі (у вачах) — у вачах у каго‑н. цямнее (пацямнела) ад стомы, слабасці і пад.

На круг — у сярэднім, па прыблізных падліках.

кругаабаро́т, ‑у, М ‑роце, м.

Працэс, які завяршаецца зваротам да зыходнага становішча і першапачатковай формы. Кругаабарот капіталу.

кругаваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Працэс, які бесперапынна перыядычна паўтараецца. Кругаварот вады ў прыродзе. Кругаварот кіслароду.

2. Бесперапынны рух, змяненне чаго‑н. Кругаварот падзей. Кругаварот жыцця. □ Наспяванне адных спраў за другімі ўцягвае чалавека ў кругаварот усяго калгаснага жыцця. Пестрак.

кругаві́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Уст. Тое, што і гарызонт. Рэйкі, нядаўна пракладзеныя, працягнуліся, як дзве струны на магутнай скрыпцы — пабеглі яны за сіні і далёкі кругавід. Каваль.

кругаві́на і круго́віна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і круглавіна. Там-сям па кругавіне горада стаялі, бы вытачаныя, фабрычныя трубы з хвастамі цёмнага дыму. Колас. Ціток абышоў усю гэту круговіну лесу, агледзеў. Лобан.