Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

укры́цца, укрыюся, укрыешся, укрыецца; зак.

1. Накрыцца, закрыцца поўнасцю, з усіх бакоў, ухутацца. Алаіза паслала ложак. Лягла, укрылася з галавою. Арабей. [Мялешка:] — І вазьмі вось мой плашч, укрыйся. Васілевіч.

2. Накрыцца, запоўніцца, усеяцца чым‑н. па паверхні. У пакоях, дзе раней панаваў строгі парадак, чысціня, усё нібы пастарэла, укрылася пылам. Карпаў. Укрылася лёдам возера — не правіць было рыбакам пелькі. Мыслівец. Пастаяўшы нейкі час каля куста вярбы, што ўкрыўся жоўтымі коцікамі, павярнуў дадому. Ігнаценка. // Ахутацца, ахінуцца чым‑н. Апілкі сонца церушыла. Як цыркуляркаю-пілой, І далеч доўга не спяшыла Укрыцца шызаю імглой. Гаўрусёў. // Стаць пакрытым чым‑н., што выступіла на паверхні чаго‑н. У Сузона ў момант твар укрыўся кроплямі поту, шчокі пачалі падрыгваць. Галавач.

3. Схаваўшыся дзе‑н., засцерагчы сябе ад каго‑, чаго‑н. Вялічка і хто быў з ім убачылі, што выйсці з дома і дзе-небудзь укрыцца ад бомб няма як: усё навокал кіпела і рвалася. Чорны.

укры́цце, ‑я, н.

Месца або збудаванне, якое ўкрывае, абараняе ад каго‑, чаго‑н. Дванаццаць гаўбіц і палкавая батарэя з укрыцця пазіралі па дарогу. Няхай. Хаваючыся за ўкрыцці, кароткімі перабежкамі, Мірановіч дабраўся да пазіцый першага ўзвода. Марціновіч.

укрыццё, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. укрыць (у 1, 3 знач.) і стан паводле дзеясл. укрыцца (у 3 знач.); укрыванне.

укры́ць, укрыю, укрыеш, укрые; зак., каго-што.

1. Накрыць, закрыць поўнасцю, з усіх бакоў. Укрыць машыну брызентам. Укрыць хворага коўдрай. □ Чыясь руплівая рука ўкрыла [Панаса] цёплым футрам. Колас.

2. Накрыць, запоўніць, усеяць чым‑н. па паверхні. Цвіль укрыла сцены. □ Першы кволы лядок укрыў нешырокую раку. Чарнышэвіч. Сухі пыл уеўся за дзень у твар, укрыў плечы, пабіўся за шыю. Пташнікаў. У паветры марозна, відаць, хутка пойдзе снег, укрые зямлю. Дуброўскі. // Ахутаць, ахінуць (пра туман, смугу, дым і пад.). Ізноў асеннія туманы Укрылі сосны і дубы. Ляпёшкін. // Выступіць па паверхні чаго‑н., распаўсюдзіцца на паверхні чаго‑н. Жанчына, здавалася, не дыхала. Твар яе ўкрылі кропелькі поту. Чыгрынаў. Чырвань укрыла .. шчокі [Статкевіча]. Алешка.

3. Схаваць дзе‑н., засцерагчы ад каго‑, чаго‑н. Мсціўцаў ад ворага ўкрыла Ноч сваёй шэрай імглою, Зноў павяла іх дарога Да паласы франтавое. Калачынскі. А я ў дарозе Пад голай вербай днём асеннім Успомню аб густой бярозе, Што ў спёку ўкрыла мяне ценем. Гаўрусёў. // Дапамагчы скрывацца каму‑н. Укрыць злачынца. // перан. Утаіць, скрыць што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Укрыць маёмасць ад аблажэння падаткам.

укры́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад укрышыць.

укрышы́ць, укрышу, укрышыш, укрышыць; зак., што і чаго.

Накрышыць чаго‑н. у што‑н. Укрышыць цыбулі ў салату.

укулі́цца, укулюся, укулішся, укуліцца; зак.

Разм. Уваліцца, сесці (у сані, калёсы і пад.). Геня падбег да пуні, сабраў сена, укуліўся ў брычку і пад’ехаў да Пётравай брамы. Пташнікаў.

уку́с, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. укусіць (у 1 знач.).

2. Укушанае месца. Памагаць укус ёдам.

укусі́ць, укушу, укусіш, укусіць; зак.

1. каго-што. Ухапіўшы зубамі, раніць, прычыніць боль. Сабака ўкусіў за нагу. □ Год таму назад я .. замест ментуза неяк схапіў вадзянога пацука, які ўкусіў мяне за палец. Ляўданскі. // Уджаліць. Алена жахліва адступаецца, пазіраючы на .. [Зыгмуся], як на гадзюку, гатовую ўкусіць яе. Колас. // перан. Разм. Прычыніць крыўду, укалоць, задзець за жывое. Васіль адказаў [Паліне] сярдзіта: — ..Жыццё навучыць цябе. Тады ты зразумееш, хто казаў праўду. Я не ўкушу, дык нехта ўкусіць. Савіцкі.

2. што. Зубамі аддзяліць кавалак чаго‑н.; надкусіць. На выгляд .. [фрукты] як быццам свежыя, а ўкусіш яблык ці грушу — смаку няма. Новікаў.

3. чаго і без дап. Разм. З’есці, паесці чаго‑н. — Даўно з паўдня, Андрэй Якаўлевіч, пара ўжо чаго ўкусіць! — узмаліўся Журавінка. Лобан. [Колас:] — Хадзем на веранду, папросім чаго ўкусіць. Лужанін.

уку́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад укусіць.