укрыцца, укрыюся, укрыешся, укрыецца; зак.
1. Накрыцца, закрыцца поўнасцю, з усіх бакоў, ухутацца. Алаіза паслала ложак. Лягла, укрылася з галавою. Арабей. [Мялешка:] — І вазьмі вось мой плашч, укрыйся. Васілевіч.
2. Накрыцца, запоўніцца, усеяцца чым‑н. па паверхні. У пакоях, дзе раней панаваў строгі парадак, чысціня, усё нібы пастарэла, укрылася пылам. Карпаў. Укрылася лёдам возера — не правіць было рыбакам пелькі. Мыслівец. Пастаяўшы нейкі час каля куста вярбы, што ўкрыўся жоўтымі коцікамі, павярнуў дадому. Ігнаценка. // Ахутацца, ахінуцца чым‑н. Апілкі сонца церушыла. Як цыркуляркаю-пілой, І далеч доўга не спяшыла Укрыцца шызаю імглой. Гаўрусёў. // Стаць пакрытым чым‑н., што выступіла на паверхні чаго‑н. У Сузона ў момант твар укрыўся кроплямі поту, шчокі пачалі падрыгваць. Галавач.
3. Схаваўшыся дзе‑н., засцерагчы сябе ад каго‑, чаго‑н. Вялічка і хто быў з ім убачылі, што выйсці з дома і дзе-небудзь укрыцца ад бомб няма як: усё навокал кіпела і рвалася. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)