укулі́цца, укулюся, укулішся, укуліцца; зак.
Разм. Уваліцца, сесці (у сані, калёсы і пад.). Геня падбег да пуні, сабраў сена, укуліўся ў брычку і пад’ехаў да Пётравай брамы. Пташнікаў.
уку́с, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. укусіць (у 1 знач.).
2. Укушанае месца. Памагаць укус ёдам.
укусі́ць, укушу, укусіш, укусіць; зак.
1. каго-што. Ухапіўшы зубамі, раніць, прычыніць боль. Сабака ўкусіў за нагу. □ Год таму назад я .. замест ментуза неяк схапіў вадзянога пацука, які ўкусіў мяне за палец. Ляўданскі. // Уджаліць. Алена жахліва адступаецца, пазіраючы на .. [Зыгмуся], як на гадзюку, гатовую ўкусіць яе. Колас. // перан. Разм. Прычыніць крыўду, укалоць, задзець за жывое. Васіль адказаў [Паліне] сярдзіта: — ..Жыццё навучыць цябе. Тады ты зразумееш, хто казаў праўду. Я не ўкушу, дык нехта ўкусіць. Савіцкі.
2. што. Зубамі аддзяліць кавалак чаго‑н.; надкусіць. На выгляд .. [фрукты] як быццам свежыя, а ўкусіш яблык ці грушу — смаку няма. Новікаў.
3. чаго і без дап. Разм. З’есці, паесці чаго‑н. — Даўно з паўдня, Андрэй Якаўлевіч, пара ўжо чаго ўкусіць! — узмаліўся Журавінка. Лобан. [Колас:] — Хадзем на веранду, папросім чаго ўкусіць. Лужанін.
уку́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад укусіць.