заму́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да замучыць.
заму́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Моцна стаміцца; знемагчыся, знясіліцца. Хлопцы замучыліся, доўга блукаючы па лясах у пошуках партызан. «ЛіМ».
заму́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Закатаваць, давесці да смерці. Фашысты замучылі палонных. □ Цяпер не можа быць ніякага сумнення: гэта яны, гэта тыя, што замучылі яго маці, яго сястрычку. Лынькоў.
2. Прымусіўшы мучыцца ад чаго‑н., стаміць, знясіліць. Замучыць работай. Гора замучыла. Кашаль замучыў. □ [Караба] тут усіх замучыў: па восем гадзін падрад з кожным гутарыў. Асіпенка.
замча́цца і заімча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Тое, што і замчаць (у 2 знач.).
замча́ць і заімча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго-што. Мігам даставіць каго‑, што‑н. куды‑н. Панукі конік не чакае, І сам ён рыссю запускае, Як бы спяшаецца дамоў Замчаць сваіх гаспадароў. Колас.
2. Хутка ідучы, едучы, апынуцца дзе‑н. Паслухмяная трохтонка магла імчаць дзень і ноч і заімчаць хоць на край свету. Кулакоўскі.
за́мчышча, ‑а, н.
Месца, дзе стаяў замак. На вялікім замчышчы, дзе калісьці стаяў сярэдневяковы замак, узвышаюцца дзве напаўразбураныя высокія вежы, ад якіх дыхае сівой мінуўшчынай. С. Александровіч.
за́мша, ‑ы, ж. і замш, ‑у, м.
Мяккая скура з аксамітнай паверхняй, якая вырабляецца са шкуры аленя, лася і пад. шляхам спецыяльнай апрацоўкі. Чаравікі з замшы.
за́мшавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да замшы. // Зроблены з замшы. Замшавыя пальчаткі.
замшэ́лы і заімшэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Аброслы, пакрыты мохам. Замшэлая страха. Замшэлы камень. □ Замшэлая яліна выцягнула, як руку, вялізны касматы сук на поўдзень. Лынькоў. У ззянні песцяцца бярозы,.. І роняць сокі — шчасця слёзы — На заімшэлыя камлі. Колас.