Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

замле́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Анямелы, адзеравянелы. Жанчына паспрабавала ўзняцца, але замлелыя ногі не слухаліся, і яна зноў апусцілася на траву. Стаховіч.

2. Млявы, вялы, расслаблены (пра стан чалавека). Пазірквае з ваўчка пагляд здзіўлены Замлелага малойчыка — вартаўніка. Лойка.

замле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Анямець, адзеравянець ад застою крыві. Ад доўгага сядзення ацяклі, замлелі ногі. Гамолка.

2. Зрабіцца млявым пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Замлела сэрца ў Данілы, І пацямнеў свет у вачах. Колас.

замлява́ць, ‑ае.

Незак. да замлець.

замно́га, прысл.

Разм. Занадта многа, больш, чым трэба. Зямелька тут — адны груды. Яна замнога брала поту. Арочка. — Ты на сябе замнога бярэш, — выхапіўшы ў мяне з-пад рук свой артыкул, закіпеў Барташэвіч. Сабаленка.

замо́ва, ‑ы; Р мн. ‑моў; ж.

Набор слоў і выразаў, якому забабонныя людзі прыпісваюць магічную сілу; заклінанне. Вярталіся бацькі дамоў, Аглядвалі старыя сохі Пад шэпты дзедаўскіх замоў. Глебка.

замо́віць 1, ‑моўлю, ‑мовіш, ‑мовіць; зак., каго-што.

Аказаць уздзеянне замовай; зачараваць. — Гэта — грошы заклятыя, Іх замовіў чараўнік. Колас.

замо́віць 2, ‑моўлю, ‑мовіш, ‑мовіць; зак., што.

Разм. У выразе: замовіць слова (слоўца) — тое, што і закінуць слова (гл. закінуць).

замо́жнасць, ‑і, ж.

Добрая матэрыяльная забяспечанасць; дастатак, багацце. Кінулася ў вочы.. заможнасць: у хаце новыя шпалеры, гардзіны на вокнах, дарожкі на падлозе, піяніна. Шамякін.

замо́жнік, ‑а, м.

Разм. Заможны чалавек; багацей. Адны ішлі на чыгунку — а яна праходзіла тут непадалёку — рамонтнымі рабочымі, другія складалі кадры батракоў і служачых у заможнікаў-кулакоў. Колас.

замо́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да заможніка, належыць яму. Скрозь мясцовасць то драбілася на яшчэ меншыя загончыкі, то збіралася ў асадніцкія фальваркі і заможніцкія хутары. Чорны.

замо́жны, ‑ая, ‑ае.

Матэрыяльна добра забяспечаны, багаты. Заможныя калгаснікі. Заможнае жыццё. □ Бацькі Анежкі не такія ўжо заможныя людзі, каб гадаваць са свайго дзіцяці толькі ляльку. Броўка.